13 студзеня, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Дзяржава акажа дадатковую падтрымку маладым сем'ям з дзецьмі пры будаўніцтве жылля. Пра гэта паведаміў сёння падчас прамой лініі ў "Народнай газеце" начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр Гарваль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзяржава пагасіць 10% рэшты льготнага крэдыту, раней выдзеленага маладой сям'і на будаўніцтва жылля, пры з'яўленні на свет першынца і яшчэ 20% пасля нараджэння другога дзіцяці", - растлумачыў Аляксандр Гарваль.
Акрамя таго, на перыяд знаходжання аднаго з бацькоў у адпачынку па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў для маладых сем'яў прадугледжаны так званыя крэдытныя канікулы, на працягу якіх будуць прыпынены выплаты крэдыту. "Гэта істотная дапамога маладым сем'ям", - сказаў начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва.
Разлічваць на льготны крэдыт на будаўніцтва жылля згодна з указам №13 "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" могуць толькі тыя маладыя сем'і, якія маюць двух непаўналетніх дзяцей на дату зацвярджэння спісу на атрыманне льготнага крэдыту. Ім крэдыт прадастаўляецца пад 50% ад стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка.
Што тычыцца рынку жылой нерухомасці краіны, прадстаўнік міністэрства выказаў здагадку, што тая група людзей, якая не атрымае дзяржаўнай падтрымкі на будаўніцтва жылля, выйдзе на камерцыйныя рынкі. "Сёння попыт пакуль значна перавышае прапановы, як у дзяржаўным сектары жыллёвага будаўніцтва, так і ў камерцыйным", - падкрэсліў ён.
Кошт квадратнага метра жылля, на думку Аляксандра Гарваля, будзе залежаць ад інфляцыі. "Калі інфляцыя будзе 19-22%, як гэта закладзена ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2012 год, то цана арыенціровачна будзе ў межах Br3,6-4 млн. за квадратны метр, калі ж інфляцыя дасягне паказчыка мінулага года, то кошт будзе зусім іншы", - падкрэсліў Аляксандр Гарваль.-0-
БЕЛТА
Дзяржава акажа дадатковую падтрымку маладым сем'ям з дзецьмі пры будаўніцтве жылля
13.1.20120 праглядаў