18 мая, Ушачы /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праграма забеспячэння сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва прыстаўкамі для прыёму лічбавага тэлебачання будзе распрацавана ў Беларусі па даручэнні Прэзідэнта. Аб гэтым сёння журналістам падчас прамой тэлефоннай лініі з жыхарамі Ушацкага раёна паведаміў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларусь пераходзіць на вяшчанне ў лічбавым фармаце з 1 студзеня 2015 года. У цяперашні час лічбавае вяшчанне ажыццяўляецца на 90% тэрыторыі краіны, аднак даступна яно нязначнай частцы насельніцтва, канстатаваў міністр. Тлумачыцца гэта тым, што ў большасці гледачоў аналагавыя тэлепрыёмнікі і адсутнічаюць прыстаўкі для прыёму лічбавага сігналу.
Мінінфарм мае намер заняцца актыўным прасоўваннем лічбавага вяшчання. "Гэта новая прыступка развіцця інфармацыйных тэхналогій і новая якасць паслуг. Лічбавае тэлебачанне дазволіць у перспектыве фарміраваць свой вечар, гэта значыць самому складаць сетку вяшчання, уключаючы ў яе праграмы розных каналаў, якія можна глядзець у зручны час", - растлумачыў Алег Праляскоўскі. Акрамя таго, лічбавы сігнал дазволіць пашырыць колькасць прымаемых каналаў.
Гаворачы аб кошце паслуг лічбавага тэлебачання, Алег Праляскоўскі выказаў упэўненасць, што цана не будзе вышэйшай, чым цяперашніх паслуг па перадачы аналагавага вяшчання. Што тычыцца мультыплекса - набору тэлевізійных каналаў, якія перадаюцца па адным лічбавым канале, то ён будзе бясплатным. Да таго ж, у адрозненне ад першага мультыплекса, які прымаецца зараз, другі і трэці, па словах міністра, будуць фарміравацца зыходзячы з інтарэсаў большасці гледачоў - у ходзе грамадскага абмеркавання. Мяркуецца, што на сайце Міністэрства інфармацыі кожны жадаючы зможа пакінуць свой голас за той ці іншы канал, які прэтэндуе на ўключэнне ў мультыплекс.
Алег Праляскоўскі звярнуў увагу сродкаў масавай інфармацыі на неабходнасць больш шырокай рэкламы лічбавага тэлебачання.
Падчас прамой лініі Алег Праляскоўскі адказаў на некалькі пытанняў жыхароў Ушацкага раёна. У прыватнасці, размова ішла аб лічбавым тэлебачанні, якасці музычнага эфіру на FM-станцыях, тэлевізійнай рэкламе.-0-
БЕЛТА
Дзяржава дапаможа сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва набыць прыстаўкі для прыёму лічбавага ТБ
18.5.20120 праглядаў