12 жніўня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Гаспадаркі Беларусі паставілі ў кошт дзяржзаказу 779 тыс. т збожжа, што складае амаль 80% да плана. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле рэсурсаў і гандлю дэпартамента па хлебапрадуктах Мінсельгасхарчу.
Гаспадаркі рэспублікі блізкія да выканання дзяржзаказу па пшаніцы: ужо адгружана 416,3 тыс. т, або 86,4% да плана. Хлебапрыёмныя пункты і элеватары прынялі 236 тыс. т жытняга збожжа (78,6%), 126,7 тыс. т іншых культур (61%).
Першымі ў Беларусі справіліся з дзяржзаказам гаспадаркі Магілёўскай вобласці – пастаўлена 151 тыс. т, што складае 100,7% да плана. Па словах спецыялістаў Дзяржхлебінспекцыі, збожжа пшаніцы ад гаспадарак рэгіёна паступае якасным, з высокім утрыманнем клейкавіны, што адпавядае добрым хлебапякарным уласцівасцям.
На другое месца па пастаўках збожжа ў кошт дзяржзаказу 12 жніўня выйшлі гаспадаркі Гомельскай вобласці, якія з пачатку жніва на хлебапрыёмныя пункты адгрузілі 123,5 тыс. т (88,2% да задання). Сельгасарганізацыям Гомельскай вобласці для поўнага выканання дзяржзаказу засталося адгрузіць 17,5 тыс. т. На трэцім месцы знаходзяцца сельгасарганізацыі Гродзенскай вобласці, якія накіравалі ў кошт дзяржзаказу 146,2 тыс. т, або 79% да плана. Тут асабліва старанна ставяцца да адгрузкі кожнай партыі збожжа ў дзяржзаказ. Збожжа адрозніваецца якаснымі параметрамі.
У Мінскай вобласці дзяржзаказ выкананы на 75,8% – пастаўлена 170,6 тыс. т збожжа. Гэта самы вялікі аб'ём збожжа, які паступіў у кошт дзяржзаказу. Гаспадаркі Брэсцкай вобласці здалі ў засекі 114,7 тыс. т збожжа (69,5% да плана), Віцебскай – 73 тыс. т (58,3%). Усяго павінна быць у Беларусі нарыхтавана 990 тыс. т збожжа, у тым ліку 482 тыс. т пшаніцы, 300 тыс. т жыта і 208 тыс. т іншых культур.
Штодня на нарыхтоўчыя прадпрыемствы паступае 20-30 тыс.т збожжа ў кошт дзяржзаказу. Яшчэ нядаўна аб'ёмы адгрузкі складалі 40-50 тыс.т. Зніжэнне тэмпаў гаспадаркі тлумачаць неабходнасцю больш дбайнай апрацоўкі збожжа на таках і адбору лепшых партый у кошт дзяржзаказу, бо ад гэтага залежыць эканоміка прадпрыемстваў. Да прыкладу, адна тона пшаніцы чацвёртага класа з утрыманнем клейкавіны ад 18% да 22% каштуе сёння Br378 тыс., а тона пшаніцы трэцяга класа (гэта збожжа прыдатнае для хлебапячэння) з утрыманнем клейкавіны ад 23% і вышэй будзе каштаваць ужо Br432 тыс. Такім чынам, у гаспадарак ёсць стымул падрыхтаваць лепшыя партыі для здачы ў дзяржзаказ. Але ў дэпартаменце па хлебапрадуктах лічаць, што зацягваць здачу ў дзяржзаказ усё ж не варта. Перад гаспадаркамі пастаўлена задача - выканаць дзяржзаказ у найкароткія тэрміны. -0-
БЕЛТА