Гатоўнасць да ўвядзення ў Беларусі біяметрычных дакументаў абмяркоўвалася сёння на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гатоўнасць да ўвядзення ў Беларусі біяметрычных дакументаў абмяркоўвалася сёння на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Работа ў гэтым напрамку вядзецца даўно. Цяпер урад і службовыя асобы інфармуюць, што ўсё гатова: сфарміраваны інфармацыйныя сістэмы, закуплена неабходнае абсталяванне, праведзена тлумачальная праца з насельніцтвам. Можна хоць заўтра выдаваць ідэнтыфікацыйныя карты і новыя пашпарты. Трэба толькі стварыць неабходнае прававое рэгуляванне, падпісаўшы адпаведны ўказ", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што, як яму дакладваюць, укараненне біяметрычных дакументаў паслужыць штуршком для развіцця электронных паслуг, скароціць час на здзяйсненне шэрагу працэдур, павысіць абароненасць ад падробак. "Тое, што мы штурхаем развіццё электронных паслуг, - добра. Тое, што гэта павысіць абароненасць ад падробак, - глыбока сумняваюся, зыходзячы з апошніх падзей", - заўважыў беларускі лідар.

"Таму я і вырашыў з прычыны пэўных прычын разгледзець у больш шырокім коле з зацікаўленымі распрацоўшчыкамі праект указа, які б рэгуляваў парадак у засваенні біяметрычных дакументаў, і пашпартоў у прыватнасці. Ёсць вялікія сумненні, і не толькі ў мяне, але і ў людзей. Вы памятаеце: на тым этапе, як мы толькі пачалі пра гэта гаварыць, і грамадскія арганізацыі, і асобныя людзі выступілі катэгарычна супраць гэтага, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Мне давялося ўзяць тайм-аўт, каб мы сур'ёзна папрацавалі над гэтым пытаннем. Сёння вы прыйшлі да высновы, што ўсё гатова. Мы зараз паглядзім, што ў вас гатова і наколькі народ будзе абаронены ад падробак".

"Мяркуецца, што гэта новаўвядзенне закране абсалютна ўсіх, але пры гэтым беларусы павінны атрымаць дадатковыя магчымасці, а не праблемы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нельга выпускаць з-пад увагі цяжкасці, з якімі могуць сутыкнуцца людзі і арганізацыі пры атрыманні новых дакументаў і іх наступным выкарыстанні".