21 сакавіка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Гаварыць аб правядзенні дэнамінацыі ў Беларусі заўчасна. Такое меркаванне выказала падчас прамой лініі ў газеце "Рэспубліка" старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта вельмі сур'ёзнае пытанне. На фоне адбыўшайся дэвальвацыі нацыянальнай валюты, пры тым узроўні інфляцыі, які ў нас склаўся ў мінулым годзе, гаварыць аб правядзенні дэнамінацыі заўчасна. Нам неабходна перш за ўсё аднавіць рост эканомікі, забяспечыць стабільнае функцыянаванне грашова-крэдытнай сістэмы, дамагчыся таго, каб працэнтныя стаўкі сталі прымальнымі - хаця б ніжэй за 10%. Тады можна будзе разглядаць гэтае пытанне", - адзначыла кіраўнік Нацбанка.
Пры гэтым варта ўлічваць, што любая дэнамінацыя заўсёды выклікае пэўны рост інфляцыі. "Не выключана, што мы прыбяром лішнія нулі, калі вырастуць даходы насельніцтва і ў нашых кашальках купюры ўжо проста не будуць змяшчацца. Але гэта адбудзецца не сёння і не заўтра", - сказала Надзея Ермакова.
Адказваючы на пытанне, ці варта пасля выпуску ў абарачэнне купюры ў Br200 тыс. чакаць з'яўлення ў хуткім часе банкноты наміналам Br500 тыс., кіраўнік Нацбанка сказала: "Спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Але калі раптам сітуацыя складзецца такім чынам, што нам спатрэбіцца купюра ў Br500 тыс., то правільней тады будзе правесці дэнамінацыю".
Надзея Ермакова таксама адказала на пытанне, ці ёсць у планах Нацбанка выпуск манет - не памятных, як выпускаюцца цяпер, а разменных. "Думаю, такой неабходнасці няма. Хоць існуюць розныя меркаванні. Справа ў тым, што выпуск манет - вельмі затратны праект. Вы ўявіце, колькі трэба металу - гэта будзе значна даражэй, чым выпусціць папяровыя купюры. А потым яшчэ трэба будзе купіць лічыльныя машынкі, прычым зрабіць гэта за валюту, таму што ў нашай краіне яны не вырабляюцца. Дадатковыя выдаткі лягуць і на інкасацыю, і на касіраў", - адзначыла кіраўнік Нацыянальнага банка.-0-
БЕЛТА
Гаварыць аб правядзенні дэнамінацыі ў Беларусі заўчасна - Н.Ермакова
21.3.20120 праглядаў