16 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. GPRS-адсочванне канваяваных асоб плануецца ўкараніць у Беларусі ў 2011-2012 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Беларусі Сяргей Нікель у Віцебску на рэспубліканскім вучэбна-метадычным зборы, прысвечаным удасканаленню службовай дзейнасці органаў унутраных спраў па ахове і канваяванні асоб, узятых пад варту, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Пытанне ўкаранення і выкарыстання тэхнічнай навінкі ў цяперашні час прапрацоўваецца, бо ў практыцы беларускіх канвойных падраздзяленняў падобнага досведу пакуль няма", - падкрэсліў Сяргей Нікель. Шырока прымяняць GPRS-адсочванне канваяваных асоб плануецца да 2013 года. Начальнік упраўлення таксама адзначыў, што стаўка ў рабоце канвойных падраздзяленняў на бліжэйшыя гады робіцца на матэрыяльна-тэхнічнае ўдасканаленне базы. Акрамя таго, актыўна ўкараняецца замежны досвед. Рэспубліканскі вучэбна-метадычны збор, прысвечаны ўдасканаленню службовай дзейнасці органаў унутраных спраў па ахове і канваяванні асоб, узятых пад варту, праходзіць у Віцебску 16-17 верасня з удзелам намеснікаў начальнікаў АНДВ, старэйшых інспектараў АНДВ, якія курыруюць арганізацыю работы спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў міліцыі, начальнікаў ІВК і камандзіраў канвойных падраздзяленняў ГУУС Мінгарвыканкама і УУС аблвыканкамаў - усяго каля 150 чалавек. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі адпрацуюць тэарэтычныя і практычныя дзеянні па папярэджанні надзвычайных здарэнняў, парадак узаемадзеяння з унутранымі войскамі і іншыя пытанні, якія датычацца службовай дзейнасці. Збор прызваны павысіць баявую гатоўнасць канвойных падраздзяленняў Беларусі і ўзровень падрыхтоўкі супрацоўнікаў.-0-

БЕЛТА