27 мая, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Аргкамітэт XX міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" павялічыў Гран-пры ХХ міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" з $10 тыс. да $15 тыс. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дырэкцыі фестывалю. На працягу апошніх дзесяці гадоў сума, якая прыкладаецца да галоўнай узнагароды, не змянялася. Уладальнікі I, II і III прэмій таксама атрымаюць прыбаўку. Іх прэміі вырастуць з $6 тыс. да $9 тыс. за першае месца, з $4 тыс. да $6 тыс. - за другое, з $2 тыс. да $3 тыс. - за трэцяе. Акрамя грашовых прэмій прызёры і ўладальнік Гран-пры атрымліваюць спецыяльны прыз "Ліра" і дыпломы. У юбілейным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" прымуць удзел 20 маладых спевакоў, якія прайшлі строгі папярэдні адбор, з 20 дзяржаў. Беларусь на гэтым конкурсе прадставіць пераможца нацыянальнага адборачнага тура 25-гадовая Алена Ланская. Грашовыя прэміі ўдзельнікаў IX міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2011" застануцца ранейшымі. Уладальнік Гран-пры атрымае $5 тыс., за першае, другое і трэцяе месца канкурсанты атрымаюць $3 тыс., $2 тыс. і $1 тыс. адпаведна. Таксама як і дарослым выканаўцам, ім будуць уручаны спецыяльныя прызы і дыпломы. У дзіцячым конкурсе прымуць удзел 23 юных таленты з 20 краін. У адпаведнасці з умовамі конкурсу Беларусь, Расія і Украіна дэлегуюць на яго па 2 канкурсанты. За Беларусь будуць выступаць 10-гадовая Аня Атрошчанка і 9-гадовая Саша Няхай.-0-

БЕЛТА