У міжнародным конкурсе ваенна-патрыятычнай песні «Сэрцам датычныя», які праходзіў у горадзе Холм Наўгародскай вобласці, прынялі ўдзел лепельчане. Чацвёртакласніца гімназіі Ульяна Сакалюк і студэнтка БДТУ Вікторыя Рамашка вярнуліся з прызавымі месцамі.
У міжнародным конкурсе ваенна-патрыятычнай песні «Сэрцам датычныя», які праходзіў у горадзе Холм Наўгародскай вобласці, прынялі ўдзел лепельчане. Чацвёртакласніца гімназіі Ульяна Сакалюк і студэнтка БДТУ Вікторыя Рамашка вярнуліся з прызавымі месцамі.
Гэты фестываль быў прысвечаны Дню дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. Вакалісты з Магнітагорска, Ноўгарада, Цверы, Масквы, Ліпецка, Віцебска, Магілёва, Казахстана і Башкартастана прыехалі паказаць свае здольнасці і проста адпачыць у цёплай кампаніі. Большасць удзельнікаў конкурсу – пастаянныя ўдзельнікі, якія добра ведаюць адзін аднаго. Адны прасякнуліся армейскім жыццём, іншыя ўспомнілі страявыя будні (многія з вакалістаў удзельнікі баявых дзеянняў у гарачых кропках), бо арганізатары размясцілі іх у воінскай часці. Нават рацыён харчавання аказаўся вытрыманы «у тэме» – па-сапраўднаму салдацкі.
Для мясцовых жыхароў мерапрыемства стала падзеяй. Нягледзячы на прыстойны па мерках холмцаў кошт білета, мясцовы РДК сабраў поўную залу. Гледачы прыйшлі з ахапкамі кветак і не шкадавалі апладысментаў. Сярод гасцей конкурсу былі і вядомыя на вялікай сцэне людзі. Напрыклад, Алег Кухта – заслужаны артыст Расіі, акцёр і спявак. А сярод удзельнікаў – Вячаслаў Карнееў і саліст гурта «Каскад» Аляксей Рабчанка. Здавалася б – і як спаборнічаць пачаткоўцам спявачкам з ужо масцітымі калегамі? На самай справе – вельмі проста, бо тут не выхваляюцца сваімі заслугамі, не выступаюць для «галачкі» ці за грошы, а журы аб'ектыўнае і бесстароннае.
Рэжысёр-пастаноўшчык вядомага міжнароднага фестывалю «Салдаты Расіі» Уладзімір Мазур, які знаходзіўся ў судзейскай калегіі, настолькі зачараваўся тэбрам і шырынёй дыяпазону Вікторыі Рамашка, што запрасіў яе на адну з самых сучасных пляцовак Масквы. У лютым лепельчанка, выпускніца гімназіі ім. Ерашова, будзе спяваць разам з зоркамі расійскай эстрады. Недзіўна, што і гран-пры дасталася менавіта ёй. Нягледзячы на тое, што дзяўчына даўно вызначылася з прафесіяй, паступіўшы ў тэхнічны ВНУ, гэта ніколькі не перашкаджае ёй займацца любімай справай, «зрывацца» на розныя конкурсы, выступаць з музычнымі нумарамі на ўніверсітэцкіх святах, а таксама пісаць вершы і складацца ў міжнародным валанцёрскім руху.
Мерапрыемства праходзіла прыгожа, маштабна, на працягу трох дзён. Журы вылучыла некалькі намінацый. Першае месца, як выканаўцу ва ўзросце да васемнаццаці, прысудзілі самай юнай з выступаючых – Ульяне Сакалюк. Яна праспявала на беларускай мове «Няма другой такой», а таксама «Сумную гісторыю» з рэпертуару ансамбля ВДВ «Блакітныя берэты». На Лепельшчыну дзяўчынка вярнулася з Дыпломам лаўрэата, нагрудным знакам і статуэткай дэсантніка. Аднак не толькі ў гэтым удалося вылучыцца даўгавалосай прыгажуні. Круг яе інтарэсаў – разнабаковы. У гімназіі – выдатніца, любіць матэматыку і літаратуру. Раз на тыдзень займаецца вакалам у Наталлі Матюш у РДК. Наведвае ДШМ, дзе навучаецца ігры на фартэпіяна ў Ірыны Фільчанковай, там жа развівае пластыку і грацыю ў Святланы Шэстала. У Цэнтры дзяцей і моладзі наведвае гурток «ЭкаАрт», на якім ляпіць фігуркі, робіць вырабы з саломы і г.д. Бацькі не перастаюць здзіўляцца, як лёгка і проста іх дачка спраўляецца з нагрузкамі, пры гэтым запас энергіі нібыта не высіхае. Назіраючы за Ульянай, разумееш – гэта сапраўды так. Дзяўчынка рухомая, ініцыятыўная, дапытлівая, бярэцца спяваць любую песню (нават на замежных мовах). Ці будзе музычная сфера справай усяго яе жыцця пакуль невядома, бо наперадзе выпрабаванні падлеткавым узростам і канчатковае фарміраванне голасу, але першыя крокі насустрач поспеху ўжо зроблены.
Увесь гэты час за лепельчанак хварэлі самыя блізкія людзі – іх мамы. Так склалася, што абедзве жанчыны цесна звязаны з нотным светам і з’яўляюцца першымі настаўніцамі нот сваіх дачок. Анжаліка Сакалюк працуе ў дзіцячым садку №6 музычным кіраўніком, а Ірына Рамашка – настаўніцай музыкі ў гімназіі. Менавіта яны першапачаткова разгледзелі здольнасці сваіх дзяцей і далі штуршок для іх далейшага развіцця.
Яўгенія ЛЯХ.
На здымку: Ульяна Сакалюк з узнагародамі ў двары любімай гімназіі.
Фота аўтара.