25 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Уладальнікам Гран-пры Міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі ў Віцебску IFMC-2012 стаў праект Аляксея Бусько з Кіева з харэаграфічнай мініяцюрай "Альбом" на музыку Leo Ferre, перадае карэспандэнт БЕЛТА з урачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю. Першая прэмія ў намінацыі "Аднаактавы балет" прысуджана японскаму Dance Creation Award, у намінацыі "Харэаграфічная мініяцюра" лаўрэатам першай прэміі стаў ансамбль сучаснай харэаграфіі Кемераўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў "Вечны рух". Другой прэміі ўдастоены праект Анастасіі Харчанка з Кіева і праект яе земляка Сяргея Кона. "Пераможцамі сталі тыя творы харэаграфічнага мастацтва, дзе нароўні з тэхнікай ёсць сэнс, ідэя", - падкрэсліў на прэс-канферэнцыі народны артыст СССР, старшыня міжнароднага журы конкурсу, адзін з вялікіх танцораў ХХ стагоддзя Уладзімір Васільеў. Апроч праслаўленага мэтры ў склад журы ўваходзілі шырока вядомыя ў свеце сучаснага танца асобы Сюзан Лінк (Германія), Эліс Дор Коэн (Ізраіль), Пол Джонсан (Ірландыя), Вендзі Перон (ЗША), Раду Поклітару (Украіна). Іх увазе былі прадстаўлены харэаграфічныя работы калектываў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі, Эстоніі, Японіі, а таксама шэраг міжнародных праектаў. XXV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) урачыста завяршыўся сёння ў Віцебску. Юбілей даў магчымасць IFMC упершыню выйсці за межы Віцебска. Вечары сучаснай харэаграфіі прайшлі ў Мінску, Маладзечне, Бабруйску і яшчэ працягнуцца на працягу 26 і 28 лістапада ў Гродне і Мінску.