Гран-пры XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" з'ехаў у Македонію
16.7.20120 праглядаў
16 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Гран-пры XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" з'ехаў у Македонію. Перамогу заваяваў Бабан Майсоўскі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу.
Бабану Майсоўскаму былі ўручаны Гран-пры ў памеры $15 тыс., спецыяльны прыз "Ліра", а таксама дыплом уладальніка Гран-пры XXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012". Першую прэмію журы пад старшынствам народнага артыста Расіі кампазітара Максіма Дунаеўскага прысудзіла Саманце Ціна з Латвіі. Ёй дасталіся $9 тыс., спецыяльны прыз "Ліра" і дыплом лаўрэата (уладальніка I прэміі).
Цудоўны падарунак атрымала Украіна да свайго дня на фестывалі "Славянскі базар", які праходзіць сёння. Яе прадстаўніца Галіна Конах заваявала другую прэмію ў памеры $6 тыс., атрымала спецыяльны прыз "Ліра" і дыплом лаўрэата (уладальніка II прэміі).
Трэцюю прэмію ў памеры $3 тыс. журы вырашыла падзяліць і прысудзіла яе Федэрыцы Марынары з Італіі і Славіне Калканджиевай з Балгарыі. Дзяўчатам таксама ўручаны спецыяльныя прызы "Ліра", дыпломы лаўрэатаў конкурсу - уладальнікаў III прэміі.
Спецыяльная прэмія імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства ўручана Луселіі Ролдан з Кубы. Яна спадабалася гледачам, а выкананая ёю ў другі дзень спаборніцтва песня на беларускай мове "Васільковае неба" кранула нават строгага старшыню журы Максіма Дунаеўскага. Ён паставіў ёй найвышэйшы бал - 10.
Спецыяльнымі прызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўзнагароджаны выканаўца ад Рэспублікі Беларусь Яўген Славіч і выканаўца ад Расійскай Федэрацыі Анастасія Козлава.
За ўсю гісторыю правядзення міжнародных конкурсаў выканаўцаў эстраднай песні пасля распаду Югаславіі прадстаўнік Македоніі атрымаў Гран-пры адзін раз – у 2000 годзе. Тады пераможцам стаў Тодар Праеўскі. А вось дыпламантамі македонцы станавіліся чатыры разы.
У гэтым годзе ў конкурсе прымалі ўдзел 20 выканаўцаў з 20 краін. -0-
БЕЛТА