Грамадзянам Беларусі неабходна забяспечыць магчымасць спакойна прагаласаваць на выбарах - А.Лукашэнка
16.12.20100 праглядаў
16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўных органаў не паддавацца на магчымыя правакацыі і надзейна забяспечыць бяспеку грамадзян. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў 15 снежня на нарадзе па пытаннях праходзячай у краіне прэзідэнцкай кампаніі і забеспячэння грамадскай бяспекі ў гэты перыяд, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Другі дзень як пачалося галасаванне на выбарах Прэзідэнта краіны. Я запрасіў вас для таго, каб адказныя асобы змаглі мне далажыць аб той сітуацыі, якая сёння існуе ў нашай дзяржаве. Як праходзяць гэтыя два дні, усюды ці забяспечаны парадак, доступ насельніцтва да ўчасткаў для галасавання? Усюды ці нам удалося вырашыць тыя праблемы, якія былі пастаўлены перад урадам, перад вамі па арганізацыі працэсу выбараў", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў нарады.
Аляксандр Лукашэнка таксама зрабіў заяву ў сувязі з інфармацыйнымі ўкідваннямі ў шэрагу апазіцыйных СМІ. "Я, вядома, далёкі ад таго, каб верыць усяму таму, што сёння пішуць, асабліва ў так званых апазіцыйных сродках масавай інфармацыі. Мы гэтага чакалі. Так, як мы чакалі, так яны і дзейнічаюць. Яны пачынаюць цяпер абвінавачваць кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у тым, што яны ціснуць на народ і прымушаюць ісці датэрмінова галасаваць, - сказаў ён. - Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта катэгарычна недапушчальна. Калі па нейкіх прычынах трэба, каб людзі прагаласавалі датэрмінова, па ініцыятыве кіраўнікоў прадпрыемстваў ці яшчэ там па нейкіх прычынах, людзей трэба папрасіць, і апошняе слова - за людзьмі. Жадаюць яны ісці датэрмінова галасаваць - хай ідуць. Не жадаюць - мы іх чакаем 19 снежня на ўчастках для галасавання. Няма ніякай неабходнасці сёння падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасавання. Людзей трэба прасіць, каб яны абавязкова прагаласавалі. А калі - гэта іх права".
Звяртаючыся да кіраўніка рэспубліканскага штаба кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Радзькова і члена штаба Віктара Шэймана, Аляксандр Лукашэнка папрасіў: "Разбярыцеся, калі ласка, у штабе. Звяжыцеся з Адміністрацыяй Прэзідэнта і ўдакладніце яшчэ раз, наколькі адпавядаюць рэчаіснасці тыя заявы (там няма фактаў) так званых апазіцыянераў аб тым, што "ўлады гоняць людзей табуном" на датэрміновае галасаванне. Разбярыцеся яшчэ раз. Ніякай спешкі ў нас быць не павінна. Калі людзі не могуць прагаласаваць 19-га, папрасіце, хай прыйдуць прагаласуюць датэрмінова, і кропка. За каго галасаваць, людзі ўжо вызначыліся. Мы ўжо не ў стане (нас 10 чалавек кандыдатаў) нешта змяніць. Таму трэба ім даць магчымасць спакойна прыйсці і прагаласаваць. Гэта наша задача - задача ўлады, усёй улады".
Ад кіраўнікоў праваахоўных органаў Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не паддавацца ні на якія правакацыі. "Натуральна, яны (апазіцыя) увесь час крычаць: "Плошча, плошча, плошча!". Яшчэ раз хачу сказаць: мы папярэдзілі бацькоў, мы папярэдзілі выкладчыкаў ВНУ, тэхнікумаў, каледжаў, ліцэяў, школ. Мы папярэдзілі аб магчымых правакацыях, якія могуць быць у гэты дзень, у тым ліку ў месцах масавага збору людзей. Мы ўсіх папярэдзілі. Ёсць закон. Нельга ні ў якім выпадку паддавацца на правакацыі, таму што ім (апазіцыі) патрэбна карцінка, хаця б карцінка зараз, што вось, маўляў, такія недемакратычныя ўлады, што Лукашэнка там "на костках, на крыві зноў прыйшоў да ўлады". Ім гэта трэба. Мы ж падставіцца не павінны, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы дакладна аддаем сабе ў гэтым справаздачу. Ні ў якім выпадку нельга падставіцца. Дзейнічаць трэба ў адпаведнасці з абстаноўкай. Але самае галоўнае - не дай бог, будзе здзейснена нейкая правакацыя, і, не дай бог, здарыцца нешта з людзьмі. Мы павінны абараніць людзей. Гэта задача праваахоўных органаў, і тут пашкадавання нікому не будзе. Не дай бог, толькі пераступіць нехта той Рубікон, да якога наогул нельга блізка падыходзіць. Анатоль Нілавіч (міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. – Заўвага. БЕЛТА), рэакцыя праваахоўных органаў, ды і вайскоўцаў павінна быць адэкватнай і жорсткай. Ідзеце з мірам (мітынгоўцы) туды, куды можна ісці, дзе вызначана месца, - ідзіце, калі ласка, размаўляйце, мітынгуйце. Але калі гэта парушэнне закона, то і рэакцыя павінна быць адэкватнай".
Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Беларусі Леаніду Мальцаву скаардынаваць дзеянні праваахоўных органаў. "Каб у нас не было ні мітусні, ні нейкіх там лішніх рухаў. Вы ж цудоўна разумееце, што, калі б гэтыя "майстры" (апазіцыя) на нешта былі здольныя, яны б сябе так не паводзілі. Яны проста спрабуюць нас справакаваць. Мы аддаем сабе ў гэтым поўную справаздачу. Ніякі народ яны на плошчу не вывядуць. Народу не патрэбна ніякая плошча. Усе ж цудоўна разумеюць, што хлапчукоў, падлеткаў кінуць наперадзе, а самі (арганізатары) схаваюцца, як звычайна, за іх спінамі, або наогул збягуць, як гэта было заўсёды. Нават падлеткі гэта цудоўна ведаюць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб цывілізавана і разумна супрацьстаяць гэтым хістанням і разбэшчванню, - заявіў беларускі лідар. - Трываласць улады сёння настолькі вялікая, што нам няма неабходнасці прымяняць нейкія там надзвычайныя метады. Але да ўсяго мы павінны быць гатовыя". -0-
БЕЛТА