18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праекты дакументаў па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі разгледзяць 19-20 снежня ў Мінску эксперты СНД, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД. Экспертная група мае намер разгледзець праект плана прыярытэтных мерапрыемстваў супрацоўніцтва ў галіне адукацыі на сярэднетэрміновую перспектыву і праект пагаднення аб прадастаўленні роўных правоў грамадзянам краін СНД для паступлення і навучання ва ўстановах адукацыі дзяржаў Садружнасці. План складаецца з 13 раздзелаў, дзе прапісаны мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэнне інфармаванасці аб СНД, развіццё сеткавых адукацыйных структур, бесперапыннай адукацыі, павышэнне яе якасці. План прадугледжвае таксама выпрацоўку ўзгодненых патрабаванняў да падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, правядзенне розных семінараў і канферэнцый, арганізацыя навуковых і студэнцкіх абменаў і стажыровак, школьных і студэнцкіх алімпіяд. У праекце пагаднення гаворыцца, што грамадзяне дзяржаў - удзельніц СНД будуць мець роўныя правы для паступлення ва ўстановы адукацыі іншых краін Садружнасці. Асновай паслужаць узаемна прызнаваныя дакументы дзяржаўнага ўзору аб агульнай сярэдняй або сярэдняй прафесійнай адукацыі ў межах дзяржаўных адукацыйных стандартаў як на бюджэтныя, так і на платныя месцы. Пры гэтым у выпадку неабходнасці замежнікам будзе прадастаўлена магчымасць праходжання моўных курсаў на падрыхтоўчых аддзяленнях. Студэнтам з краін СНД будзе забяспечана акадэмічная мабільнасць для працягу навучання, а таксама для пераводу з адной установы адукацыі ў іншую. Акрамя таго, падчас навучання маладым людзям з дзяржаў Садружнасці будзе гарантавана сацыяльная абарона правоў, ахова жыцця і здароўя, абарона ад усіх форм дыскрымінацыі. Прымаючая студэнтаў дзяржава павінна будзе спрыяць стварэнню ўмоў, якія дазваляюць знаёміцца з яе мовай, культурай, нацыянальнай гісторыяй, літаратурай, геаграфіяй, звычаямі і традыцыямі. "У стварэнні агульнай адукацыйнай прасторы зацікаўлены ўсе без выключэння краіны, таму пытанні супрацоўніцтва ў галіне адукацыі знайшлі адлюстраванне ў найважнейшых для СНД дакументах - канцэпцыі далейшага развіцця СНД і стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2020 года", - адзначылі ў прэс-службе Выканкама СНД.-0-

БЕЛТА