7 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Грыбнікі Браслаўскага раёна памераюцца кошыкамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Браслаўскім райвыканкаме. Грыбныя старты пройдуць 10 верасня ў лясным масіве Рацкі бор. Удзельнікі - каля 10 прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама ўсе ахвотныя, бо спаборніцтва носіць адкрыты характар. За ляснымі дарамі грыбнікоў суправаджаюць песнямі і прыпеўкамі калектывы творчай самадзейнасці. У конкурсантаў будзе тры гадзіны, каб знайсці самы вялікі і самы маленькі ядомы грыб, сабраць больш за ўсё баравікоў. Журы адзначыць таксама самых удачлівых грыбнікоў сярод жанчын і мужчын. Акрамя таго, нагароды атрымаюць пераможцы, якія выступалі ў камандным заліку. Пакуль члены журы будуць працаваць, удзельнікі спаборніцтва змогуць адпачыць і стаць гледачамі раённага тура конкурсу "Уладар сяла" з удзелам 8 маладых сем'яў раёна. У барацьбе за ганаровае званне бацькам трэба будзе спяваць і танцаваць, спаборнічаць у конкурсах касароў, лесарубаў, перабіранні насення, спартыўнай эстафеце, а малодшыя члены сем'яў будуць маляваць малюнкі і падтрымліваць свае каманды. Узнагароджанне лепшых грыбнікоў і "Уладароў сяла" Браслаўскага раёна адбудзецца па завяршэнні ўсіх конкурсаў. Арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць Браслаўскі райвыканкам і раённая арганізацыя БРСМ.-0-

БЕЛТА