Штогод так губляецца дзясяткі беларусаў. Нехта, паблукаўшы 2-3 гадзіны, знаходзіць дарогу дадому сам. А вось кагосьці даводзіцца шукаць усім мірам: лес прачэсваюць і ратавальнікі, і міліцыя, і ляснікі, і жыхары навакольных вёсак. Часцей за ўсё праблемы з арыентаваннем узнікаюць у людзей сталага ўзросту. Зрэшты, згубіцца можа кожны.
Нярэдка ў лес людзі апранаюцца так, быццам збіраюцца там партызаніць. Камуфляж надзейна хавае чалавека, што значна ўскладняе пошукі, калі сіл паведаміць пра сябе ўжо не засталося. Вядома, адзенне павінна быць шчыльным, але лепш – яркім. Не зашкодзіць чырвоная кепка, хустка ці любы заўважны прадмет.
Перад выхадам у лес вывучыце карту мясцовасці, узброіцеся тэлефонам з навігатарам і мінімальнай аптэчкай. Для таго, каб не згубіцца, калі вы ідзяце кампаніяй, можна скарыстацца свістком. Яго гук чуваць за 2-3 кіламетры.
Збіраючыся ў лес, звяртайце ўвагу на ўмовы надвор'я: у пахмурную пагоду паход лепш адкласці. Калі паход па грыбы ці ягады - справа вырашаная, выконвайце наступныя рэкамендацыі:
- не адпраўляйцеся ў лес у адзіночку;
- вывучыце асноўныя правілы арыентавання ў лесе;
- паведаміце сваякам ці знаёмым аб меркаваным маршруце і часе вяртання, своечасова інфармуйце іх, калі планы змяніліся;
- надзявайце зручнае, непрамакальнае адзенне і абутак;
- вазьміце з сабой тэлефон, ваду, лекі, нож, запалкі.
Перш чым паглыбіцца ў лес, звярніце ўвагу на сонца, запомніце, з якога боку яно размешчана. Калі сонца справа, то пры выхадзе ў тым жа напрамку з лесу трэба, каб яно апынулася злева;
Калі вы згубіліся ў лесе, першае, што неабходна, – арыентавацца на мясцовасці, вызначыць, дзе можна знайсці ваду і агонь, каб абараніцца ад холаду і арганізаваць начлег.
Калі ў вас з сабой мабільны тэлефон, набярыце нумар службы выратавання і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце вакол сябе.
Калі апынуліся ў лесе без тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і супакойцеся. Па магчымасці піце ваду і рухайцеся да мэты.
Галоўнае для вас – выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадач, прасекі і сцежкі. Выявіўшы любы з гэтых аб'ектаў, ідзіце ўздоўж яго, і вы абавязкова знойдзеце людзей.