З 12 млн пасылак, якія паступілі ў Беларусь у 2015 годзе, 70% было замоўлена ў інтэрнэт-крамах, заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.
З 12 млн пасылак, якія паступілі ў Беларусь у 2015 годзе, 70% было замоўлена ў інтэрнэт-крамах, заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.
"Уся практыка нашай працы паказвае, што ў апошні час значна павялічылася колькасць пасылак, якія атрымліваюць нашы грамадзяне, а затым выкарыстоўваюць у камерцыйных мэтах. Калі ў 2013 годзе ў Беларусь паступіла менш за 2 млн пасылак, то ўжо ў 2015 годзе - 12 млн, гэта значыць колькасць пасылак павялічылася больш чым у шэсць разоў. Дарэчы, колькасць адпраўленняў з інтэрнэт-крам расце яшчэ хутчэй. У цэлым больш за 70% усіх пасылак паступае з інтэрнэт-крам. Гэты працэнт расце", - сказаў Уладзімір Арлоўскі.
Намеснік старшыні ДМК адзначыў, што больш за 90% грамадзян Беларусі наогул не атрымліваюць пасылкі. "Фактычна вось гэтыя 12 млн пасылак прызначаюцца для 10% насельніцтва. З іх у 2015 годзе каля 250 тыс. грамадзян атрымалі ад 10 да 100 і больш пасылак. Той, хто атрымлівае пасылкі на пастаяннай аснове, прычым аднолькавага асартыменту, дакладна не можа выкарыстоўваць іх у асабістых мэтах", - дадаў Уладзімір Арлоўскі.
Ён падкрэсліў, што большасць краін Еўрасаюза ўстанавілі норму бязмытнага ўвозу ў 22 еўра для тавараў, якія перамяшчаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях. "Гэта такія краіны, як Германія, Італія, Чэхія. Ёсць нормы і больш жорсткія. Напрыклад, у Кітаі норма бязмытнага ўвозу каля 7 еўра. У асобных краінах, напрыклад, Францыі і Швецыі, наогул няма бязмытнага ўвозу. Любая пасылка прадугледжвае выплату падатку. Ацаніўшы ўсе абставіны, прынялі рашэнне скарыстацца еўрапейскім вопытам і вызначыць норму бязмытнага ўвозу ў 22 еўра", - заключыў намеснік старшыні ДМК.
Згодна з данымі Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі, у 2015 годзе больш за 80% усіх міжнародных паштовых адпраўленняў, атрыманых беларусамі, каштавалі да 22 еўра. Па словах Уладзіміра Арлоўскага, новыя абмежаванні па пасылках будуць дзейнічаць з 14 красавіка - праз два месяцы пасля афіцыйнага апублікавання ўказа.