5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі працягвае да 14 студзеня працу гарачай лініі па пытаннях, звязаных са змяненнем формаў транзітнай дэкларацыі і дэкларацыі на тавары, а таксама класіфікатараў, якія выкарыстоўваюцца для іх запаўнення. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ДМК. Гэта зроблена ў сувязі з вялікай колькасцю пытанняў, якія паступаюць па дадзенай тэме, адзначылі ў камітэце. Раней прадугледжвалася, што гарачая лінія будзе працаваць з 1 па 6 студзеня 2011 года, цяпер гэты тэрмін працягнуты да 14 студзеня. Патэлефанаваўшы на шматканальны тэлефонны нумар +375-17-219-41-00, суб'екты знешнеэканамічнай дзейнасці могуць атрымаць адказы на пытанні, звязаныя з парадкам мытнага дэкларавання і выпуску тавараў. Акрамя таго, РУП "Белмытсэрвіс" таксама арганізавала гарачую лінію па пытаннях працы з праграмным забеспячэннем АС "Дэкларант". Нагадаем, што з 1 студзеня 2011 года ў Мытным саюзе ўведзены новыя формы дэкларацый на тавары і транзіт. Новыя правілы запаўнення мытных дэкларацый датычацца юрыдычных асоб, суб'ектаў гаспадарання, якія прадстаўляюць для мытнага афармлення свае тавары. Такім чынам, пачала дзейнічаць адзіная структура электронных копій. Раней у кожнай з краін Мытнага саюза была свая структура мытных дэкларацый. А цяпер яна адзіная, запаўняецца і кантралюецца па адных правілах і прадстаўляецца ў адзінай форме, аднолькавай на тэрыторыі ўсіх трох краін Мытнага саюза. Каб дапамагчы юрыдычным асобам у мытным афармленні па новых правілах, і арганізавана гарачая лінія.-0-

БЕЛТА