Пытанні рэалізацыі гуманітарных праектаў і супрацоўніцтва з замежнымі дыппрадстаўніцтвамі разгледжаны на нарадзе, якую правёў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак.

Пытанні рэалізацыі гуманітарных праектаў і супрацоўніцтва з замежнымі дыппрадстаўніцтвамі разгледжаны на нарадзе, якую правёў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі розных структур нашага раёна.

Так, напрыклад, на сённяшні дзень знаходзіцца на завяршальнай стадыі міжнародны сумесны праект цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Лепель і Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе Жаночая гільдыя ААН. Усе дакументы падрыхтаваны, ужо адкрыты валютны рахунак. Засталося дачакацца афіцыйнага рашэння. Будзе створана сенсорны пакой з поўным абсталяваннем для дзяцей-інвалідаў, набыты вертыкалізатар (дапаможнае прыстасаванне, якое дазваляе інвалідам і пацыентам у перыяд рэабілітацыі пасля траўмы прымаць вертыкальнае становішча з мэтай прафілактыкі негатыўных наступстваў працяглага знаходжання седзячы і лежачы) і гульнявое надворнае абсталяванне з комплексам прыстасаванняў, прылад і трэнажораў для дзяцей-інвалідаў. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Лясун.

Як расказаў галоўны ўрач УЗ “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” Ілья Шэндалесаў, у маі гэтага года была адпраўлена заяўка ў АА «Адгук» (на вырабы медыцынскага прызначэння, якія паступаюць гуманітарным грузам з Амерыкі). Установе аховы здароўя паведамілі, што заяўка прынята. На мерапрыемстве таксама былі абмеркаваны і іншыя праекты, адпраўленыя замежным дыппрадстаўніцтвам.

Галоўнай мэтай нарады, па словах Віктара Уладзіміравіча, было падвядзенне вынікаў па рэалізацыі ў раёне міжнародных гуманітарных праектаў. Важным фактарам плённага гуманітарнага супрацоўніцтва з'яўляецца пісьменная распрацоўка гуманітарных праектаў. Таму асаблівую ўвагу трэба надаваць іх якасці. Важна рабіць добрую рэкламу раёну, запрашаць да сябе прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і ўмець зацікавіць іх у сафінансаванні гуманітарных праектаў. Трэба не толькі распрацаваць праект, але і цалкам яго рэалізаваць.

Н. МІТКІНА.