26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. II Фестываль мастацтваў беларусаў свету можа стаць адным з культурных мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання Дня Незалежнасці, адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Рыбакоў.

"Цяпер разглядаецца пытанне аб правядзенні фестывалю падчас святкавання Дня Незалежнасці або Дня горада. Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні будзе прымацца на ўзроўні намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Тозіка, пасля чаго будзем разглядаць пытанне аб пляцоўцы правядзення форуму і колькасці ўдзельнікаў", - сказаў Міхаіл Рыбакоў.

Паводле яго слоў, удзел у фестывалі возьмуць не толькі творчыя калектывы з розных краін, але і мастакі, фатографы, літаратары - усе, хто папулярызуе беларускую культуру за мяжой.

Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў у 2011 годзе. Ён сабраў амаль 250 прадстаўнікоў беларускай дыяспары з Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Нідэрландаў, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны і ЗША.

Форум праводзіцца з мэтай шырокай прэзентацыі Беларусі, дасягненняў мастацкай творчасці, падтрымкі праектаў суайчыннікаў, якія пражываюць у розных краінах, наладжвання кантактаў з імі і аказання арганізацыйна-метадычнай дапамогі з боку дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый, мастацкіх калектываў, дзеячаў культуры і мастацтваў Беларусі.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)