Прэс-сакратарка Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы на тэму ўдасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці расказала журналістам аб галоўных акцэнтах адбытага мерапрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Эйсмант нагадала, што разглядаліся дзве рэзанансныя для грамадства тэмы - правядзенне амністыі і ўдасканаленне мер крымінальнай адказнасці за некаторыя віды злачынстваў, у прыватнасці менш цяжкія. Былі заслуханы даклады міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова і старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы. "Падыходы дакладчыкаў па асноўных абмяркоўваемых сёння тэмах кіраўнік дзяржавы падтрымаў", - сказала Наталля Эйсмант.
Паводле яе слоў, абмеркаванне, якое доўжылася каля дзвюх гадзін, будавалася з акцэнтам на двух найважнейшых прынцыпах, аб выкананні якіх неаднаразова гаварыў кіраўнік дзяржавы. "Індывідуальны падыход і прынцып справядлівасці - на гэтым рабіў акцэнт Прэзідэнт усю нараду", - падкрэсліла прэс-сакратарка.
На асобныя моманты Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу адказных асоб. "Напрыклад, Прэзідэнт гаварыў аб рабоце Камісіі па пытаннях памілавання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Тут прынцыпы і патрабаванні Прэзідэнта наступныя: работа камісіі павінна пастаянна ўдасканальвацца, Прэзідэнт чакае ад камісіі прапаноў", - адзначыла Наталля Эйсмант. І, безумоўна, у аснове прапаноў камісіі, вылучаных на ўзровень кіраўніка дзяржавы, павінны ляжаць прынцып справядлівасці і індывідуальны падыход.
Падчас нарады закраналася таксама работа праваахоўных органаў і іх асобных структурных падраздзяленняў - інспекцый па справах непаўналетніх і Дэпартамента па выкананні пакаранняў.
"Асобна абмяркоўваліся пытанні, звязаныя са злачынствамі па наркатычных артыкулах. Тут зразумела роля камісій па справах непаўналетніх і зразумела, што Прэзідэнт чакае ўзмацнення работы гэтых камісій. Такі сігнал быў сёння пададзены", - дадала прэс-сакратарка.