27 ліпеня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Інфляцыя ў Беларусі па выніках 2010 года не перавысіць 10%. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння на пасяджэнні Савета міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "У першым паўгоддзі 2010 года ўзровень інфляцыі склаў 4,1%, што ў 1,8 раза ніжэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Таму ёсць усе падставы, каб скончыць год з інфляцыяй ніжэй за 10%", - сказаў Сяргей Сідорскі і запатрабаваў ад органаў дзяржкіравання, каб адпаведная праца па зніжэнні інфляцыі ў другім паўгоддзі была працягнута. У цэлым падводзячы вынікі працы эканомікі Беларусі за студзень-чэрвень бягучага года, прэм'ер-міністр адзначыў, што па большасці асноўных параметраў удалося выйсці на запланаваныя ўзроўні. Так, тэмп росту ВУП склаў за першае паўгоддзе 106,6% (пры разліковых паказчыках 106%), прадукцыі прамысловасці - 108,8% (106,2%), будаўніча-мантажных работ - 111%, рознічнага тавараабароту - 115%. "Гэта добрая праца эканомікі. Але самае галоўнае - мы дасягнулі штомесячнай дынамікі росту. Мы кожны месяц дадаем як у росце ВУП, так і ў росце эканомікі ў цэлым", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Акрамя вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў першым паўгоддзі, праблемных пытанняў, на якіх неабходна засяродзіць увагу для дасягнення прагнозных параметраў у 2010 годзе, на пасяджэнні Савета Міністраў былі абмеркаваны праект указа аб зацвярджэнні найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, праект рэспубліканскага бюджэту і праект Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год.

БЕЛТА