Інфабаза вытворчай кааперацыі малога і сярэдняга бізнесу ствараецца ў Віцебскай вобласці
27.3.20120 праглядаў
27 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Інфармацыйная база вытворчай кааперацыі (субкантрактацыі) буйных прадпрыемстваў і суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ствараецца ў Віцебскай вобласці. Рэалізацыя гэтага праекта з'яўляецца адным з мерапрыемстваў па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляванні дзелавой актыўнасці і прыцягненні інвестыцый у Віцебскай вобласці на 2012-2015 гады, якія зацверджаны сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дырэктыва №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь" прапанавала сістэму мер, накіраваных на развіццё малога бізнесу і лібералізацыю эканамічнай дзейнасці. Яе выкананне пазітыўна адбілася на сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці, падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. У 2011 годзе прадпрыемствамі недзяржаўнага сектара эканомікі створана 13,3 тыс. працоўных месцаў, што складае 53% ад агульнай колькасці створаных па вобласці. Суб'екты прадпрымальніцтва атрымалі Br2,4 трлн. выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, што ў 2,1 раза больш, чым у 2010 годзе. У фарміраванні даходнай часткі бюджэту доля суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу за год узрасла з 10,9% да 15%.
Разам з тым патэнцыял прадпрымальніцкай ініцыятывы выкарыстоўваецца не ў поўнай меры, лічыць Аляксандр Косінец. Удзельная вага малых прадпрыемстваў у агульным аб'ёме прамысловай прадукцыі ў мінулым годзе склала ўсяго 9%. Каля 65% малых і сярэдніх прадпрыемстваў знаходзяцца ў гарадах. Дамінуючай застаецца сфера гандлю, у якой занята каля 40% малых прадпрыемстваў. У сферы вытворчасці працуюць толькі 14% малых прадпрыемстваў, у сферы транспарту - 10%, у будаўніцтве - 8%. Недастаткова вядзецца праца па стварэнні новых прадпрыемстваў, прыцягненні інвестыцый.
У сувязі з гэтым аблвыканкам зацвердзіў комплекс мерапрыемстваў, закліканых падтрымаць і стымуляваць прыватную ініцыятыву. Так, са сродкаў бюджэту плануецца штогод аказваць фінансавую падтрымку суб'ектам малога прадпрымальніцтва ў выглядзе субсідый для пакрыцця часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, расходаў на выплату лізінгавых плацяжоў. З стварэннем інфармацыйнай базы па развіцці вытворчай кааперацыі пачне працаваць цэнтр субкантрактацыі, дзе будзе акумулявацца інфармацыя аб патрэбах у прадукцыі, работах і паслугах, наяўных вытворчых магчымасцях. Гарадскім і раённым выканкамам, а таксама камітэтам і ўпраўленням аблвыканкама трэба будзе распрацаваць механізм пастаяннага суправаджэння інвестыцыйных праектаў у мэтах аператыўнага праходжання ўсіх адміністрацыйных працэдур, звязаных з іх рэалізацыяй, а таксама аказваць садзейнічанне суб'ектам прадпрымальніцтва ў распрацоўцы бізнес-планаў інвестпраектаў.-0-
БЕЛТА