28 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Інфармацыйная кампанія "Жыццё - без алкаголю!" пройдзе ў Віцебскай вобласці 3-7 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі. Мерапрыемства праводзіцца ў ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п'янства і алкагалізму на 2011-2015 гады. Яно ўключае кансультаванне насельніцтва на базе розных медустаноў, наведванне спецыялістамі працоўных калектываў, распаўсюджванне тэматычнай літаратуры, буклетаў і лістовак, сустрэчы з педагогамі навучальных устаноў для актывізацыі намаганняў, накіраваных на прафілактыку ўжывання спіртных напояў у моладзевым асяроддзі, і шэраг іншых мер. "Праблема п'янства і алкагалізму для з'яўляецца адной з найбольш актуальных. На жаль, у масавай свядомасці і побытавай культуры насельніцтва, асабліва моладзі, сфарміраваўся ўстойлівы сацыяльна-псіхалагічны стэрэатып, згодна з якім спажыванне алкагольных напояў разглядаецца як натуральны, сучасны стандарт паводзінаў, адзін з відаў "адпачынку", спосаб зняцця нагрузак. Інфармацыйная кампанія "Жыццё - без алкаголю!" заклікана супрацьстаяць гэтай глыбока памылковай думцы", - канстатавалі спецыялісты. У цэнтры таксама адзначылі, што ўзровень спажывання алкагольных напояў у Віцебскай вобласці працягвае заставацца высокім. Так, на 1 ліпеня гэтага года пад наглядам наркалогаў у лячэбна-прафілактычных установах рэгіёну знаходзілася 33,7 тыс. чалавек (за аналагічны перыяд 2011 года - 35 тыс.), з іх на дыспансерным уліку з дыягназам алкагольная залежнасць - 22,5 тыс. жыхароў (адпаведна - 23,5 тыс.), на прафілактычным наглядзе з нагоды ўжывання алкаголю з шкоднымі наступствамі стаяць 11,1 тыс. чалавек (11,5 тыс.). Захворванне на алкагольную залежнасць за першае паўгоддзе склала 126,2 чалавека на 100 тыс. насельніцтва, што на 13% ніжэй за аналагічны перыяд мінулага года. Сярод асоб, якія назіраюцца з наркалагічнымі праблемамі, амаль 1,9 тыс. складаюць непаўналетнія, з іх 7 чалавек са сфарміраванай залежнасцю (за аналагічны перыяд 2011 года адпаведна 2,1 тыс. і 8 чалавек). Ад атручвання алкаголем і яго сурагатамі ў вобласці за 6 месяцаў гэтага года памерла 156 жыхароў, што ніжэй за ўзровень 2011 года на 7,4%. У медвыцвярэзнікі вобласці за 7 месяцаў дастаўлена 10,1 тыс. чалавек, у ЛПП накіравана 550 жыхароў.