Інавацыі павінны стаць ключавым фактарам развіцця беларускай эканомікі – удзельнік IV Усебеларускага сходу
2.12.20100 праглядаў
2 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Ключавым фактарам развіцця беларускай эканомікі павінны стаць інавацыі, стварэнне інавацыйных вытворчасцей. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў дырэктар ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей", удзельнік IV Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Войтэнкаў, каментуючы асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады.
Ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі на сусветных рынках для Беларусі няма альтэрнатывы шляху па стварэнні экспартаарыентаванай прадукцыі, заснаванай на інавацыях. У гэтым напрамку на першую ролю выходзяць высокакласныя спецыялісты, інжынеры і канструктары, якія здольны вырабляць інавацыі. Галоўным рэсурсам краіны з'яўляецца чалавек, і невыпадкова ў праекце праграмы ўдзяляецца ўвага развіццю чалавечага патэнцыялу, пытанням узнаўлення інтэлекту. "Сёння аснову развіцця любога прадпрыемства, асабліва якое выкарыстоўвае навукаёмістыя тэхналогіі, складаюць творчыя асобы, якія валодаюць маркетынгам і каньюнктурай рынку, здольныя стварыць новы прадукт, стварыць і асвоіць яго серыйную вытворчасць", - упэўнены Аляксандр Войтэнкаў.
На ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей" дзейнічае спецыяльная праграма, накіраваная на забеспячэнне кадравага патэнцыялу прадпрыемства. Кадравую палітыку віцебскі вытворца вядзе ў некалькіх напрамках. "Дысплей" актыўна ўзаемадзейнічае з вядучымі ВНУ вобласці, дзе ўжо з 3-4 курсаў вядзецца прагляд студэнтаў, здольных у перспектыве ўліцца ў калектыў прадпрыемства. Для гэтага акцыянернае таварыства перадае ВНУ абсталяванне, якое дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца студэнтам з асаблівасцямі вытворчага працэсу "Дысплея". Па заданнях прадпрыемства студэнты выконваюць курсавыя і дыпломныя работы, што таксама дазваляе ацаніць інтэлектуальны патэнцыял будучых работнікаў, а маладым людзям пасля прыйсці на прадпрыемства больш падрыхтаванымі да спецыфікі будучай працы. Акрамя таго, "Дысплей" выконвае сумесныя распрацоўкі з ВНУ.
ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей" спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці сродкаў адлюстравання інфармацыі (відэаманітораў) і вылічальнай тэхнікі спецыяльнага прызначэння для жорсткіх умоў эксплуатацыі. Кожныя тры гады прадпрыемства абнаўляе лінейку прадукцыі прыкладна на 70%, што з'яўляецца неабходнай умовай канкурэнтаздольнасці прадпрыемства на знешніх рынках. У партфелі перспектыўных распрацовак стварэнне нашлемнай сістэмы індыкацыі для воінскіх падраздзяленняў, якая з'яўляецца элементам распрацоўваемага ў Беларусі персанальнага электронна-аптычнага комплексу байца. Прадпрыемства створана ў 1987 годзе, акцыянавана ў 2010-м.
БЕЛТА