18 чэрвеня, Шклоў /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Замежныя інвестары павінны забяспечваць максімальную глыбіню перапрацоўкі малака. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, наведваючы СТАА "Юнімілк Шклоў", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Звяртаючыся да аперацыйнага дырэктара ААТ "Кампанія Юнімілк" (Расія) Міхаіла Галуева, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна арыентавацца ў першую чаргу на глыбіню перапрацоўкі. "Хачу, каб вы выраблялі ўвесь спектр прадукцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка дзяржавы, "вывозіць малако ў пачках - гэта добра, але гэта не тое, што нам трэба". "Калі будзеце працаваць, як у сябе дома, і дбаць пра краіну, то атрымаеце поўную падтрымку і будзеце працаваць у такіх аб'ёмах, як захочаце", - сказаў Прэзідэнт Беларусі Міхаілу Галуеву. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кампанія "Юнімілк Шклоў" з'яўляецца свайго роду эксперыментальным праектам. "Масава мы не пойдзем па шляху прыцягнення замежных інвестараў у перапрацоўку зразумелых прычын: у нас і сваіх прадпрыемстваў хапае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі канстатаваў, што з перапрацоўкай праблем у Беларусі няма, тым больш што запатрабаванасць малочнай і сельскагаспадарчай прадукцыі ў цэлым на сусветным рынку толькі ўзрастае. Сумеснае прадпрыемства "Юнімілк Шклоў" было створана 27 жніўня 2009 года. Долі ва ўстаўным фондзе СТАА ў адпаведнасці з устаноўчымі дакументамі складаюць: ААТ "Кампанія Юнімілк" - 51%, ААТ "Шклоўскі масларобны завод" - 49%. Кампанія "Юнімілк" актыўна супрацоўнічае з беларускімі вытворцамі і закупляе значныя аб'ёмы сухога малака, масла, згушчонага малака. Акрамя таго, кампанія сумесна з Рагачоўскім і Глыбоцкім малочна-кансервавымі камбінатамі вырабляе згушчонае малако для рынкаў Расіі, Украіны і Казахстана. У адпаведнасці з канцэпцыяй развіцця ААТ "Шклоўскі масларобны завод" экспартная магутнасць прадпрыемства ў цяперашні час складае 150 т у суткі, а да жніўня 2010 года яна павінна дасягнуць 200 т у суткі, або больш за 70 тыс. т у год. Планаваная экспартная выручка пасля рэалізацыі першага этапу перавысіць $30 млн. у год. У цяперашні час ідзе распрацоўка другога этапу коштам больш за $15 млн. Плануецца, што ў выніку рэалізацыі другога этапу да кастрычніка 2011 года экспартны патэнцыял праекта кампаніі "Юнімілк" у Шклове вырасце да 450-500 т у суткі, або 160-170 тыс. т у год з экспартнай выручкай $70-80 млн.-0-