2 лістапада, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Замежныя інвестары праяўляюць цікавасць да стварэння холдынгу на базе Аршанскага авіярамонтнага завода, на якім будзе створаны сучасны транспартна-лагістычны цэнтр. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Вадзім Мельнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Беларусь звярнуліся адразу некалькі замежных кампаній, якія выказалі зацікаўленасць удзельнічаць у праекце. Адной з іх з'яўляецца запарожская "Мотор Січ". "Мотор Січ" - гэта ўжо вельмі сур'ёзна, да такога буйнога прадпрыемства прыслухоўваюцца ў свеце, - адзначыў Вадзім Мельнік. - Плануецца, што гэтая кампанія выступіць у якасці паралельнага інвестара па стварэнні холдынгу". Асноўным інвестарам праекта вызначана ЗАТ "Белтэхэкспарт".
Кіраўнік дэпартамента па авіяцыі дадаў, што інвестар ужо прадставіў бізнес-план, ён прайшоў папярэднюю экспертызу. У дакуменце паказаны рэальныя магчымасці праекта. "Пры правільным разліку і мадэрнізацыі прадпрыемства стане дастаткова паспяховым", - упэўнены Вадзім Мельнік.
Як паведамлялася, на базе Аршанскага авіярамонтнага завода будзе створаны транспартна-лагістычны цэнтр. Тут таксама плануецца будаўніцтва сучаснага складскога тэрмінала, офісных будынкаў, у якіх размесцяцца мытныя службы, банк, лізінгавая кампанія. Праект прадугледжвае будаўніцтва гасцініцы і кафэ для экіпажаў паветраных судоў і аўтамабільных перавозчыкаў. У перспектыве ў раёне лагістычнага цэнтра можа з'явіцца цэнтр адпачынку. Новы транспартна-лагістычны цэнтр будзе размешчаны на скрыжаванні 2-га і 9-га міжнародных транспартных калідораў. Аэрадром, размешчаны паблізу Аршанскага авіярамонтнага завода, здольны прымаць паветраныя судны практычна ўсіх тыпаў, побач знаходзяцца і чыгуначныя шляхі. У перспектыве новы лагістычны цэнтр зможа абслугоўваць грузапатокі з розных краін, у тым ліку з Кітая.
Запарожскае ПАТ "Мотор Січ" - адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па выпуску авіяцыйных рухавікоў для самалётаў і верталётаў, а таксама прамысловых газатурбінных установак.-0-
БЕЛТА
Замежныя інвестары праяўляюць цікавасць да стварэння холдынгу на базе Аршанскага авіярамонтнага завода
2.11.20110 праглядаў