Замежныя грамадзяне з пачатку ліпеня змогуць уехаць без візы ў Беларусь па білеце на міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта сёння на брыфінгу заявіў дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Глеб Лапіцкі распавёў, што днямі выйшла распараджэнне кіраўніка дзяржавы, дзе фестываль стаў тым культурным аб'ектам, на які будзе адкрыты бязвізавы ўезд у Беларусь з 1 па 20 ліпеня ва ўсіх пунктах пропуску праз нашу мяжу. "Білет на "Славянскі базар" будзе заменай візы. Працэдура для краіны не новая, мы маем досвед прыняцця буйных спартыўных спаборніцтваў, - адзначыў дырэктар фестывалю. - Спецыяльна зрабілі часавы запас (сёлета форум пройдзе з 8 па 17 ліпеня. - Заўв. БЕЛТА), каб людзі маглі спакойна прыехаць і размясціцца. У першую чаргу разлічваем на цікавасць з боку жыхароў краін-суседак".

У бліжэйшы час на ўсіх афіцыйных інтэрнэт-пляцоўках творчага форуму можна будзе даведацца, як правільна набыць білет, зарэгістравацца і выканаць неабходныя крокі, каб не ўзніклі потым праблемы на мяжы. Акрамя таго, сёлета ўпершыню грамадзяне Латвіі і Казахстана атрымалі магчымасць набыць білет на мерапрыемствы "Славянскага базару" ў сваіх нацыянальных білетных аператараў у інтэрнэце.

Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" сёлета пройдзе з 8 па 17 ліпеня. Урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця адбудуцца ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця - 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 8-10 і 16-17 ліпеня.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)