Інструменты грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі ў 2013 годзе будуць накіраваны на стрымліванне інфляцыі
27.9.20120 праглядаў
27 верасня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Ключавая роля ў грашова-крэдытнай сферы Беларусі ў 2013 годзе будзе адведзена працэнтнай палітыцы. Пра гэта гаворыцца ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2013 год, зацверджаных 25 верасня 2012 года ўказам №419, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У 2013 годзе грашова-крэдытная палітыка Беларусі захавае стратэгічную накіраванасць на падтрыманне цэнавай стабільнасці ў эканоміцы. Для падтрымання знешняй і ўнутранай збалансаванасці эканомікі абменны курс беларускага рубля, як і ў 2012 годзе, будзе фарміравацца зыходзячы са попыту і прапановы замежнай валюты пры абмежаваным удзеле Нацыянальнага банка ў курсаўтварэнні (рэжым кіраванага плавання).
Інструменты грашова-крэдытнай палітыкі ў 2013 годзе будуць накіраваны на дасягненне мэты па абмежаванні інфляцыі з улікам макраэканамічных умоў, што складваюцца, знешніх і ўнутраных. "Ключавая роля адводзіцца працэнтнай палітыцы, прыярытэтам якой з'яўляецца падтрыманне станоўчага ўзроўню (у рэальным выражэнні) працэнтных ставак у эканоміцы як важнай умовы для забеспячэння цэнавай стабільнасці і захаванасці зберажэнняў укладчыкаў", - сказана ў дакуменце. З улікам запаволення інфляцыйных працэсаў стаўка рэфінансавання да канца 2013 года складзе 13-15% гадавых.
Аўкцыённыя аперацыі Нацыянальнага банка будуць накіраваны на недапушчэнне значных адхіленняў стаўкі аднадзённага рублёвага міжбанкаўскага крэдыту ад узроўню стаўкі рэфінансавання. "Нацыянальны банк забяспечыць звужэнне калідора працэнтных ставак, межы якога вызначаюцца стаўкамі па пастаянна даступных аперацыях (крэдыт і своп авернайт, дэпазіты па фіксаванай працэнтнай стаўцы). Крэдытная эмісія Нацыянальнага банка праводзіцца выключна на рынкавых умовах і на кароткія тэрміны з выкарыстаннем стандартных інструментаў рэгулявання ліквіднасці банкаў", - гаворыцца ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2013 год.
Таксама Нацыянальны банк працягне працу па развіцці і ўмацаванні банкаўскай сістэмы. Банкі нарошчаць нарматыўны капітал да ўзроўню, неабходнага для пакрыцця прынятых імі рызык, у тым ліку за кошт унясення сродкаў інвестарамі ва ўстаўныя фонды банкаў. Рэсурсная база банкаў павялічыцца за кошт прыцягнення сродкаў рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў Беларусі. Патрабаванні банкаў да эканомікі вырастуць на 17-20%.
У 2013 годзе Нацыянальны банк сумесна з урадам Беларусі прыме меры, накіраваныя на павышэнне ўстойлівасці і канкурэнтаздольнасці фінансавага рынку. Будзе забяспечана эфектыўнае, надзейнае і бяспечнае функцыянаванне нацыянальнай плацежнай сістэмы. "Вынікам рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў 2013 годзе стане запаволенне інфляцыйных працэсаў, стварэнне ўмоў для ўстойлівага і збалансаванага развіцця эканомікі краіны", - сказана ў дакуменце.-0-
БЕЛТА