22 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Інтэрнэт-мост з прадстаўнікамі таварыстваў Чырвонага Крыжа Балгарыі, Босніі і Герцагавіны пройдзе сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У вобласці рэалізуецца праект "Умацаванне службы сясцёр міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа". У яго рамках міжнародныя эксперты і супрацоўнікі абласной арганізацыі праводзяць канферэнцыю, прысвечаную ролі пажылых людзей у сучасным грамадстве і ўмовам рэалізацыі іх патэнцыялу. Удзельнікі абмяркуюць развіццё механізмаў актыўнага ўдзелу пажылых людзей у вырашэнні сацыяльных праблем, фарміраванне станоўчага іміджу пажылых людзей, грамадскае прызнанне іх аўтарытэту і сацыяльнага ўкладу, стварэнне ўмоў для актыўнага і здаровага ладу жыцця пажылых людзей. Інтэрнэт-мост аб'яднае ўдзельнікаў канферэнцыі з прадстаўнікамі таварыстваў Чырвонага Крыжа Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, якія вядуць працу з пажылымі людзьмі ў сваіх краінах. Вынікам канферэнцыі стане з'яўленне новых форм працы з людзьмі "залатога" ўзросту, больш шырокае іх уцягванне ў актыўную пасільную дзейнасць і выкарыстанне іх багатага жыццёвага досведу ў выхаванні моладзі, упэўнены ў грамадскай арганізацыі.-0-

БЕЛТА