23 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Інвестыцыйны праект па пераўзбраенні завода буйнапанэльнага домабудавання - філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскі домабудаўнічы камбінат" (Віцебскі ДБК) з'яўляецца неэфектыўным. Да такіх высноў прыйшлі спецыялісты Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў кантрольным ведамстве рэгіёна. Пераўзбраенне завода БПД ператварылася ў даўгабуд. На момант праверкі ў эксплуатацыю было ўведзена восем з 10 пускавых комплексаў, з іх тры ўведзены з недаробкамі і перанесенамі аб'ёмамі аддзелачных работ. Не быў уведзены склад гатовай прадукцыі. Несвоечасовы ўвод аб'екта прыводзіць да яго падаражання. Па папярэдніх даных, праектна-каштарысны кошт пераўзбраення завода БПД (без склада гатовай прадукцыі) у цэнах 2006 года ўзрасце больш чым на 20%. Пры гэтым пераўзбраенне дзеючага завода БПД было адзначана сярод найважнейшых праектаў інавацыйнага развіцця галіны на 2007-2010 гады. Мэтай праекта з'яўлялася павелічэнне (пачынаючы з 2011 года) у два разы вытворчай магутнасці прадпрыемства (з 120 тыс.кв.м агульнай плошчы жылля ў год да 240 тыс.кв.м пры трохзменнай працы) і паляпшэнне якасці выпускаемай прадукцыі, якія не дасягнуты, як і асноўныя мэтавыя паказчыкі, што зрабіла інвестыцыйны праект неэфектыўным, канстатавалі ў КГК. Акрамя таго, падчас праверкі Віцебскага ДБК устаноўлена, што прадпрыемству на абнаўленне транспартных сродкаў і будаўнічых механізмаў, а таксама на правядзенне мадэрнізацыі і пераўзбраення завода БПД, асноўнай функцыяй якога з'яўляецца выпуск жалезабетоннай прадукцыі, прадастаўлялася дзяржаўная падтрымка. Усяго за 2007-2011 гады прадпрыемства атрымала і выкарыстала Br48,6 млрд. сродкаў дзяржпадтрымкі. Разам з тым прадпрыемствам не рэалізаваны ўсе мерапрыемствы, на якія накіроўваліся меры дзяржпадтрымкі і якія былі прадугледжаны Дзяржаўнай комплекснай праграмай развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны на 2006-2010 гады.