Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін наведаў некалькі прадпрыемстваў Полацкага раёна, дзе азнаёміўся з іх вытворчай базай і перспектывамі развіцця. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім аблвыканкаме.
Кіраўнік вобласці наведаў полацкае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці ахоўных шлемаў, у тым ліку матацыклетных і для язды на конях, бронекамізэлек, шчытоў, шчыткоў і інш. Таксама на ім выпускаюць імпартазамяшчальную прадукцыю. Яно з'яўляецца рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск". Цяпер тут рэалізуецца інвестпраект па мадэрнізацыі вытворчасці па выпуску прадукцыі прамысловага і спецыяльнага прызначэння, кошт якога складае Br1,6 млн. На прадпрыемстве ідзе перапраекціроўка і ўладкаванне склада гатовай прадукцыі, ужо выкананы электрамантажныя работы, праведзена вонкавае асвятленне і інш. Завяршэнне праекта запланавана на першы квартал гэтага года.
Старшыня аблвыканкама азнаёміўся, як на яшчэ адным прадпрыемстве ідзе вытворчасць датчыкаў і электронных лічбавых прыбораў, прызначаных для вымярэння тэмпературы, ціску і г.д. Тут ёсць сваё канструктарскае бюро і акрэдытаваная лабараторыя, якая адказвае за гарантыйнае і паслягарантыйнае абслугоўванне гэтых прыбораў. Больш за 90% прадукцыі, якая экспартуецца, сыходзіць у Расію, а астатняе рэалізуецца ў Казахстане, Азербайджане, Эстоніі. У 2022 годзе полацкія вытворцы асвоілі і рынак Узбекістана. У межах вытворчай кааперацыі прадпрыемства пастаўляе свае датчыкі на Мінскі аўтамабільны завод.
На заводзе па вытворчасці металаканструкцый Аляксандру Субоціну расказалі, як працуюць над інавацыйным праектам па ўкараненні тэхналогіі вытворчасці металаканструкцый з мультысістэмнай інтэграцыяй працэсаў. На гэты праект з інавацыйнага фонду вобласці было выдзелена больш за Br2,2 млн. У выніку тут створаць каля 30 новых працоўных месцаў, а калі завод будзе працаваць у дзве змены, то на новай лініі будуць працаваць больш за 45 чалавек.
Кіраўнік вобласці адзначыў па выніках візіту, што ў розных рэгіёнах прамыслоўцы забяспечваюць ад 40% да 60% падатковых паступленняў у бюджэт, а іх прадукцыя з'яўляецца гонарам усёй вобласці і краіны. "Гэта добрыя прадпрыемствы, і іх трэба як мінімум ведаць, каб дзесьці ў нас у краіне ці за мяжой расказваць пра іх прадукцыю і прапаноўваць яе, шукаць новыя кантракты", - сказаў Аляксандр Субоцін.