31 мая, Кішынёў /Андрэй Гусін - БелТА/. Інжынер-электроншчык з Наваполацка Юрый Калодны стаў пераможцам конкурсу на лепшы дызайн-праект графічнага выяўлення (спецыяльнага знака) прыднястроўскага рубля, які можа быць выкарыстаны ў тэкстах для кароткага абазначэння сум у рублях Прыднястроўя, цэнніках у крамах і інш., паведамілі карэспандэнту БелТА ў Прыднястроўскім рэспубліканскім банку (ПРБ). Дызайн-праекты ў адрас ПРБ прыйшлі з Прыднястроўя, Расіі, Украіны і Беларусі. Усяго было прапанавана 98 варыянтаў графічнага выяўлення прыднястроўскага рубля. Для падвядзення вынікаў конкурсу ў ПРБ была створана спецыяльная камісія, у якую ўвайшлі: кіраўніцтва Цэнтральнага банка Прыднястроўя, эксперты ФГУП "Газнак" (г.Масква, Расія) і аўтарытэтныя прадстаўнікі дызайнерскай супольнасці Прыднястроўя. Як паведамілі ў ПРБ, праект пераможцы адпавядае ўсім эстэтычным патрабаванням. Аўтар абгрунтаваў свой спецыяльны знак прыднястроўскага рубля так: "У напісанні знака пазнаюцца ключавыя літары грашовай адзінкі (прыднястроўскі рубель). Таксама прысутнічае характэрны падвойны штрых, які выкарыстоўваецца для абазначэння валют". Пераможца конкурсу атрымае ў якасці грашовай узнагароды $500.-0-

БелТА