Сёлета Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў праводзіцца пад дэвізам: «Барацьба з забруджваннем пластыкавымі матэрыяламі».
Сёлета Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў праводзіцца пад дэвізам: «Барацьба з забруджваннем пластыкавымі матэрыяламі». Наколькі актуальная гэтая тэма і што робіцца, у прыватнасці, на Віцебшчыне, каб мінімізаваць забруджванне навакольнага асяроддзя сінтэтычнымі матэрыяламі, якія трывала ўвайшлі ў наша паўсядзённае жыццё? Гэтыя і іншыя пытанні мы абмеркавалі з начальнікам галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірынай Леўковіч.
Забруджванне навакольнага асяроддзя пластыкам – глабальная праблема, якая патрабуе скаардынаваных міжнародных рашэнняў. Гэтая тэма, якая стала працягам леташняй – «Рацыянальны спажывец» – з'яўляецца адной з мэт устойлівага развіцця, прынятых дзяржавамі – членамі ААН. Сёння вельмі важна ва ўсім свеце павысіць дасведчанасць людзей і прыцягнуць іх да адмовы ад штодзённага выкарыстання пластыкавых матэрыялаў любога прызначэння, да прасоўвання экалагічных рашэнняў пры куплі тавараў. Мяркуецца, што кампанія таксама адыграе важную ролю ў аб'яднанні намаганняў спажыўцоў, урада і прадпрыемстваў – вытворцаў пластыкавых вырабаў у пераадоленні глабальнага крызісу забруджвання планеты. Дарэчы, палова ўсяго вырабляемага штогод пластыка – прадметы аднаразовага выкарыстання, – адзначыла Ірына Пятроўна.
– Якія меры прымаюцца ў нашай краіне, каб у першую чаргу скараціць выкарыстанне аднаразовых прадметаў з пластыка?
– Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача забяспечыць зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе заменай на экалагічна бяспечную, у тым ліку са шкла і паперы. Першым этапам стала забарона са студзеня гэтага года на продаж і выкарыстанне ў аб'ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду: відэльцаў, лыжак, талерак, шклянак, бутэлек, ланч-боксаў і іншага. Гэты пералік распрацаваны на аснове аналізу рынку посуду, які вырабляецца з экалагічных і перапрацоўваемых матэрыялаў, і зацверджаны пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь. Выключэнне складаюць упакоўкі для паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў. Кантэйнеры, латкі, талеркі і шклянкі з паперы і кардону, драўляныя размешвальнікі для кавы, папяровыя трубачкі для кактэйляў і раней ужываліся ў многіх кафэ і рэстаранах хуткага абслугоўвання. Цяпер жа абавязак выкарыстоўваць экалагічна бяспечны аднаразовы посуд замацаваны заканадаўча.
– Абарона правоў спажыўцоў – пытанне дзяржаўнае. І яно ўключае многія аспекты. Як гэтая праца вядзецца ў нас у вобласці?
– Гэтыя пытанні знаходзяцца ў веданні ўпаўнаважаных па абароне правоў спажыўцоў абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў. Яны аказваюць кансультатыўную дапамогу з мэтай павышэння пісьменнасці спажыўцоў, забяспечваюць размяшчэнне адпаведнай інфармацыі на стэндах і афіцыйных сайтах і г.д. Акрамя таго, упаўнаважаныя па абароне правоў спажыўцоў разглядаюць звароты грамадзян, праводзяць маніторынгі выканання заканадаўства, аказваюць дапамогу ў складанні іскавых заяў у суд.
За мінулы год упраўленнямі і аддзеламі аблвыканкама, гаррайвыканкамамі разгледжана 579 зваротаў грамадзян па пытаннях абароны правоў спажыўцоў, з іх амаль палова датычылася сферы гандлю і грамадскага харчавання, 121 – бытавога абслугоўвання насельніцтва. У выніку былі вынесены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. У дасудовым парадку ўжо ўтрымана матэрыяльнай шкоды на суму 18,8 тыс. рублёў.
Асноўным дакументам, які рэгулюе праваадносіны ў галіне абароны правоў спажыўцоў, з'яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў», а таксама гэтыя пытанні рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам і іншымі дакументамі, прынятымі ў развіццё Закона. Беларусь падпісала пагадненне аб узгодненай палітыцы ў краінах СНД у гэтай сферы. Створаны Кансультатыўны савет па абароне правоў спажыўцоў дзяржаў – удзельніц садружнасці. Асноўнымі задачамі савета з'яўляецца садзейнічанне развіццю і паглыбленню супрацоўніцтва, фарміраванню эфектыўнай палітыкі ў сферы абароны правоў спажыўцоў і роўных умоў для грамадзян у дзяржавах – удзельніцах СНД.
– У Беларусі, як і ва ўсім свеце, 15 сакавіка праходзіць Дзень спажыўца. Якія мерапрыемствы ён уключае?
– Традыцыйна ў рамках правядзення Дня спажыўца мясцовыя выканкамы праводзяць «гарачыя лініі» з прыцягненнем спецыялістаў розных службаў. У буйных гандлёвых аб'ектах арганізуецца праца кансультацыйных пунктаў па інфармаванні грамадзян аб іх правах і шляхах іх абароны, аказваецца практычная дапамога ў вырашэнні канфліктных сітуацый.
Згодна са справаздачай PewCharitableTrusts& SYSTEMIQ «Пераадольваючы пластыкавую хвалю», выпушчанай у жніўні 2020 года, да 2040 года ў сусветным акіяне апынецца ў тры разы больш пластыку, калі не прыняць сёння кардынальных мер у палітыцы краін, інавацыях і зменах у паводзінах спажыўцоў. Каля 100 тыс. марскіх млекакормячых і чарапах і мільён марскіх птушак гінуць кожны год ад забруджвання марскога асяроддзя пластыкам, якога штогод у воды сусветнага акіяна трапляе каля 8 млн тон.