28 снежня, Віцебскі раён /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2012 год рэальныя, іх выкананне будзе спрыяць рэалізацыі праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. На яго думку, сацыяльная падтрымка сям'і, павелічэнне нараджальнасці, скарачэнне смяротнасці з'яўляюцца залогам паспяховага развіцця дзяржавы. Віцебская вобласць у 2012 годзе накіруе на развіццё сацыяльнай сферы каля 60% (больш за Br5,4 трлн.) кансалідаванага бюджэту. Значныя аб'ёмы фінансавання выдзяляюцца на адукацыю і ахову здароўя 26% і 23% адпаведна. Прадугледжваецца, у прыватнасці, накіраваць звыш Br300 млрд. на фінансаванне будаўніцтва, рэканструкцыі і рамонту больш за 80 аб'ектаў аховы здароўя, у тым ліку размешчаных у Полацку, Наваполацку, Мёрах, Шаркаўшчыне. Бюджэтныя выдаткі на адукацыю ўключаюць фінансаванне будаўніцтва сярэдніх школ у Віцебску і Сенненскім раёне, басейна ў Навалукомлі, дзіцячых садоў у райцэнтрах, інтэрната для студэнтаў у абласным цэнтры, а таксама набыцця школьных аўтобусаў і камп'ютарных класаў. Бюджэтам прадугледжаны выдаткі на завяршэнне будаўніцтва лядовага палаца ў Оршы, увод аздараўленчага цэнтра ў Докшыцах, рэканструкцыю стадыёна ў Глыбокім, аснашчэнне веславога цэнтра ў Полацку. "Вобласць заклала ў бюджэце неабходныя сродкі на тое, каб акружыць увагай, клопатам і цяплом дзяцей, стварыць для іх матэрыяльныя даброты. Усе рэсурсы для гэтага маюцца", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.-0-

БЕЛТА