29 ліпеня, Віцебскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Выпрабаванні на права нашэння нагруднага знака "Доблесць і майстэрства" паспяхова вытрымалі шэсць вайскоўцаў беларускага войска, перадае карэспандэнт БЕЛТА з палігона 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, дзе праходзілі баявыя выпрабаванні. На атрыманне гэтага ганаровага знака прэтэндаваў 31 вайсковец. На працягу чатырох дзён яны дэманстравалі тэарэтычныя веды, фізічную і баявую падрыхтоўку. Намінанты скакалі з парашутам, здзяйснялі марш-кідкі, павінны былі арыентавацца на незнаёмай мясцовасці, скласці тапаграфічную карту і нават аказаць самі сабе медыцынскую дапамогу. У кожнага прэтэндэнта было індывідуальнае заданне. Да апошняга, сёмага этапу засталося ўсяго шэсць чалавек. Усе яны паспяхова прайшлі баявыя стрэльбы, чатырохкіламетровую паласу перашкод, і кожны з іх вытрымаў троххвілінны бой з трыма праціўнікамі. Згодна з палажэннем аб прысваенні нагруднага знака "Доблесць і майстэрства" ён будзе ўручаны на падставе загаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. За ходам выпрабаванняў сачылі члены Пастаяннага савета пры АДКБ, якія знаёміліся з сістэмай падрыхтоўкі вайскоўцаў у 103-й мабільнай брыгадзе. Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі Вадзім Дзенісенка, выпрабаванні заснаваны на баявых традыцыях войскаў спецыяльнага прызначэння, паветрана-дэсантных войскаў і воінскіх часцей разведкі. "Іх галоўная мэта - не прадэманстраваць фізічнае майстэрства, а прышчапіць здольнасць думаць, прымаць адэкватнае рашэнне", - падкрэсліў ён. Гэтыя выпрабаванні паказваюць узровень асабістай падрыхтоўкі вайскоўца. Сярод прэтэндэнтаў на ўзнагароду былі афіцэры, прапаршчык і, што асабліва парадавала Вадзіма Дзенісенку, пяцёра курсантаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на тое, што ім давялося спаборнічаць з баявымі афіцэрамі, яны сябе добра зарэкамендавалі, а адзін з курсантаў увайшоў у лік тых, каму будзе прысвоены знак "Доблесць і майстэрства".