13 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выдавецкі праект аб лаўрэатах прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва будзе рэалізаваны ў Год кнігі ў Беларусі. Пра гэта паведаміла сёння на творчай сустрэчы з уладальнікам гэтай высокай узнагароды за 2011-2012 гады Георгіем Поплаўскім першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лідзія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Паводле яе слоў, прапанова ў Год кнігі падрыхтаваць кнігу аб нашых сучасніках-лаўрэатах прэміі нарадзілася сёння і знайшла падтрымку Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. "Дзесяць гадоў уручаецца гэтая ўзнагарода. За гэты час многія знакамітыя творцы, беларусы і расіяне, сталі яе лаўрэатамі. Гэта людзі, якія сваёй творчасцю змацоўваюць Беларусь і Расію, братэрства нашых народаў", - сказала Лідзія Ананіч. Яна падкрэсліла, што ўся неабходная для рэалізацыі праекта інфармацыя ёсць, як і запатрабаванасць у гэтым праекце і неабходнасць у тым, каб на прыкладах высокай творчасці, высокага служэння народам выхоўваць маладыя пакаленні. "Мы як мага больш павінны паказваць такіх людзей, такіх асоб. Бо калі пытаюцца, хто сёння герой сучаснага часу, - вось прызнаныя героі ў мастацтве, літаратуры. Сёння мы іх ушаноўваем і хацелі б, каб і надалей на іх высокай творчасці і духоўным подзвігу мацнела дружба Беларусі і Расіі", - пажадала першы намеснік міністра інфармацыі. Гаворачы аб прызнаных майстрах мастацтва мінулага стагоддзя, Лідзія Ананіч адзначыла, што вялікае бачыцца на адлегласці. "Важна, што ўжо зараз, у цяперашні час гэта вялікае бачыцца і па вартасці ацэньваецца. У Беларусі, напрыклад, гэта прэмія "За духоўнае адраджэнне", якая ўручаецца кіраўніком дзяржавы", - заключыла першы намеснік міністра.