9 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Мінпрыроды падрыхтавала змены ў водны кодэкс Беларусі і вынесе іх на абмеркаванне дэпутатаў у 2012 годзе. Пра гэта паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Віталь Кулік, які як сустаршыня сумеснай беларуска-расійскай камісіі па ахове і рацыянальным выкарыстанні трансгранічных водных аб'ектаў прымае ўдзел у шостым пасяджэнні камісіі, што адкрылася сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Змены ў Кодэкс і іншыя нарматыўныя акты абумоўлены тым, каб наблізіць беларускае воднае заканадаўства да заканадаўстваў Расійскай Федэрацыі і Еўрасаюза, растлумачыў ён. Беларускія эколагі працуюць у цесным узаемадзеянні са сваімі калегамі з сумежных краін па ахове і рацыянальным выкарыстанні трансгранічных водных аб'ектаў. Беларуссю падпісаны і дзейнічаюць пагадненні аб супрацоўніцтве ў гэтай галіне з Расійскай Федэрацыяй і Украінай. Прадуктыўныя адносіны складаюцца з экалагамі з Польшчы, Літвы і Латвіі, дадаў Віталь Кулік. Праца сумесных камісій дазваляе выпрацаваць адзіныя падыходы да маніторынгу трансгранічных вод, аператыўна абменьвацца інфармацыяй, аб'ядноўваць намаганні навукі і практыкі па выпрацоўцы прапаноў па паляпшэнні экалагічнай абстаноўкі. На шостым пасяджэнні камісіі абмяркоўваюцца прапановы па напрамках навукова-даследчых і навукова-прыкладных работ па паляпшэнні водагаспадарчай абстаноўкі ў басейнах рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна, па паляпшэнні іх экалагічнага стану, разглядаюцца крытэрыі ацэнкі ўтрымання цяжкіх металаў у паверхневых водах трансгранічных водных аб'ектаў. Сумесная беларуска-расійская камісія па ахове і рацыянальным выкарыстанні трансгранічных водных аб'ектаў дзейнічае ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве ў галіне аховы і рацыянальнага выкарыстання трансгранічных водных аб'ектаў, падпісаным у 2002 годзе паміж урадам Беларусі і ўрадам Расійскай Федэрацыі для рэалізацыі Канвенцыі па ахове і выкарыстанні трансгранічных водатокаў і міжнародных азёр. Папярэдняе пасяджэнне камісіі праходзіла ў 2010 годзе ў Маскве.-0-

БЕЛТА