8 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Ізраільскі культурны цэнтр пры пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь у межах святочных мерапрыемстваў у гонар 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала ў Віцебску, прадстаўляе сёння ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры ім. Я.Коласа выставу "Па слядах Шагала ў Ізраілі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама. Гэта перасоўная выстава падрыхтавана Аб'яднаннем прафесійных мастакоў Ізраіля і з'яўляецца часткай аб'ёмнага комплекснага праекта "Па слядах Шагала ў Ізраілі", агульная канцэпцыя якога – дыялог сучаснага ізраільскага мастака з Майстрам. На выставе прадстаўлена 30 работ сучасных ізраільскіх мастакоў розных мастацкіх школ і напрамкаў. Кожны ўдзельнік выставы перадае сваё ўспрыманне духоўнай спадчыны Шагала і свой погляд на сучаснасць скрозь прызму часу. Гэта даніна павагі цяперашняга пакалення таму, хто ў ілюстрацыях да Бібліі захаваў навечна ізраільскія пейзажы. Сярод удзельнікаў выставы ёсць і ўраджэнец Віцебска Ілья Хініч. Выстава адкрыецца 8 ліпеня і працягнецца да 18 ліпеня. Сёння ў Віцебску працягнуцца ўрачыстасці з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала.-0-

БЕЛТА