Статыстыка сведчыць, што за апошнія гады зніжаецца колькасць злачынстваў, звязаных з ухіленнем ад мерапрыемстваў па прызыве. Аднак праблема, хоць і ў малых маштабах, усё ж існуе.

Аб важнасці праходжання службы, а таксама аб адказнасці за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве сёння ішла размова падчас сустрэчы ваеннага камісара Лепельскага і Ушацкага раёнаў Юрыя Алешкаўскага і суддзі суда Лепельскага раёна Алесі Новік з навучэнцамі аграрна-тэхнічнага каледжа.

Мерапрыемствы прызыву пералічаны ў артыкуле 34 Закона «Аб воінскім абавязку». Сярод іх — яўка на медагляд, яго правядзенне, пасяджэнне прызыўнай камісіі, яўка прызваных грамадзян у ваенны камісарыят, на прызыўны (зборны) пункт для адпраўкі да месца тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве, адпраўка грамадзян да месца тэрміновай службы або ў рэзерве. Яны носяць абавязковы характар для ўсіх прызыўнікоў, якія дасягнулі прызыўнага ўзросту (18 гадоў), і з'яўляюцца, па сутнасці, адной з форм рэалізацыі імі свайго канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь.

— Я хацеў бы падкрэсліць, што грамадзянін, які атрымаў позву, абавязаны з'явіцца ў ваенкамат. Толькі прызыўная камісія мае права прымаць рашэнне адносна таго, падлягае ён прызыву ці не. Самога сябе вызваліць ад гэтага нельга. Бо нехта наіўна мяркуе, што калі ён, як яму здаецца, мае права на адтэрміноўку або мае захворванне, якое перашкаджае прызыву, то можа і не з'яўляцца па позве. Але гэта не так! Варта з'явіцца ў ваенкамат, прадаставіць дакументы, прайсці медагляд, і толькі пасля гэтага будзе прынята адпаведнае рашэнне: прызнаць чалавека годным да службы або ж прынята ў дачыненні да яго іншае рашэнне — прадаставіць адтэрміноўку, напрыклад, — адзначыў Юрый Алешкаўскі.

— Пад ухіленнем ад мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу (артыкул 435 КК) разумеецца наўмыснае невыкананне грамадзянінам пры адсутнасці ўважлівых прычын ускладзенага законам абавязку ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, калі такое дзеянне перашкодзіла прыняццю і (або) рэалізацыі прызыўнай камісіяй аб выкананні ім воінскага абавязку. За парушэнне воінскага абавязку прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць, — абазначыла суддзя Алеся Новік.