21 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Вядомыя людзі Віцебшчыны будуць дэкламаваць творы беларускіх аўтараў з тэлевізійнага экрана, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. Літаратурны праект, рабочая назва якога пакуль абмяркоўваецца, прымеркаваны да Года кнігі і стартуе на мясцовым тэлебачанні ў пачатку чэрвеня. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што аўтарытэтныя і паважаныя ў рэгіёне асобы ў тэлевізійнай студыі будуць чытаць любімыя творы беларускіх аўтараў. Запіс будзе весціся тэлерадыёкампаніяй "Віцебск", а затым транслявацца па мясцовым тэлеканале і на тэлевізійных экранах у цэнтры горада. Мэта праекта - папулярызаваць беларускіх аўтараў, прывіць культуру чытання. "Прыклад заслужаных людзей для такой папулярызацыі вельмі важны", - лічыць Уладзімір Цярэнцьеў. Сярод першых удзельнікаў праекта - заслужаны настаўнік Беларусі, народная артыстка Беларусі, намеснік старшыні аблвыканкама, генеральны дырэктар буйнога прадпрыемства, журналіст. Яны будуць чытаць творы як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных аўтараў. Запіс праграмы пачнецца ў бліжэйшы час.-0-

БЕЛТА