Міністр замежных спраў Уладзімір Макей звярнуўся з заявай да кіраўнікоў МЗС краін ЕС у сувязі з шматлікімі заявамі апошніх адносна Беларусі.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей звярнуўся з заявай да кіраўнікоў МЗС краін ЕС у сувязі з шматлікімі заявамі апошніх адносна Беларусі. Тэкст звароту размешчаны на сайце МЗС, паведамляе БЕЛТА.
"Вы выдатна ведаеце мяне, ведаеце Беларусь і беларусаў. Зараз не 18 стагоддзе, не 2010 і нават не 2015 год. Рэспубліка Беларусь - ужо рэальнасць. Рэальнасць для Еўропы, рэальнасць для Еўрасаюза, рэальнасць для кожнай з вашых краін. Таму заклікаю жыць, кантактаваць і ўзаемадзейнічаць з гэтай рэальнасцю", - адзначыў Уладзімір Макей.
Ён прызнаў, што далёка не заўсёды і не ва ўсім супадаюць падыходы Беларусі і розных краін ЕС. "Але пры першых сур'ёзных выпрабаваннях для станаўлення нашай краіны вы зноў адразу заклікаеце да санкцый. Гэтым, па сутнасці, вы пацвярджаеце правату тых, хто не верыць у нашу суверэнную здольнасць выбудаваць раўнапраўныя і выгадныя ўсім бакам адносіны з вашымі дзяржавамі", - звярнуў увагу міністр.
Беларусь, па яго словах, ужо перажывала ўвядзенне санкцый, і гісторыя краіны на гэтым не заканчвалася. "Мы іх пройдзем так жа, як і папярэднія. Вынік іх дзеяння вам вядомы. Усе разам мы дакладна страцім час. Страцім рытм, які патрэбны нашым краінам і грамадствам, тым больш у сучасным хуткім свеце", - упэўнены Уладзімір Макей.
Ён канстатаваў, што ў Беларусі зараз складаная сітуацыя. "Але якая з вашых краін не праходзіла балючыя этапы нацыянальнага сталення? Дайце і нам яго прайсці. Лепш з вашай дапамогай, але без спроб прымусу з выкарыстаннем палітычных, фінансавых і іншых відавочных рычагоў. Прашу прабачыць, але мы не зможам гэта разглядаць інакш, як непрыязнае дзеянне, якое наносіць шкоду суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, і не зможам гэта пакідаць без процідзеяння. Але я ўсё яшчэ веру ў магчымасці і перспектывы нармальных, добрасуседскіх, цывілізаваных міждзяржаўных адносін паміж нашымі краінамі. Таму што гэта ў інтарэсах усіх: і Беларусі, і Еўропы, і ўсёй Еўразіі. Прашу задумацца пра гэта без эмоцый", - падкрэсліў міністр.