23 жніўня, Талачынскі раён /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паставіў задачу па павелічэнні колькасці прамысловых яблычных садоў у Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам па выніках выязнога пасяджэння Прэзідыума Саўміна у Талачынскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аграрыі павінны будуць прыкласці ўсе намаганні для выцяснення з унутранага рынку імпартных яблыкаў, замяніўшы іх беларускімі яблыкамі. Адначасова гэтыя пытанні не вырашыць, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. "Хоць у прынцыпе па статыстыцы ў нас атрымліваецца баланс вытворчасці і спажывання яблыкаў, але каля траціны, а гэта 50-60 тыс.т мы сёння завозім, - канстатаваў прэм'ер-міністр. - У гэтым плане трэба рабіць пераарыентацыю ў двух напрамках: павінна павялічыцца колькасць прамысловых садоў, а таксама павінен быць забяспечаны высокі ўзровень захоўвання".
Па словах Міхаіла Мясніковіча, тыя яблыкі, якія атрымліваюць у асабістых падсобных гаспадарках, нізкатаварныя і працягламу захоўванню не падлягаюць. Ставіцца задача павялічыць, перш за ўсё, плошчы пад яблычныя сады ў гаспадарках краіны. Усе ўмовы для гэтага створаны. Так, інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук вырашылі пытанне з забеспячэннем гаспадарак уласным пасадачным матэрыялам. "Неабходна зараз папрацаваць над павелічэннем плошчаў прамысловых садоў і над пытаннямі захоўвання яблыкаў", - сказаў ён.
Кіраўнік урада адзначыў таксама неабходнасць павелічэння аб'ёмаў прамысловай перапрацоўкі яблыкаў. "У агульным аб'ёме пладоў у таварным выглядзе рэалізуецца каля 60%, а 40% - гэта прамперапрацоўка, у тым ліку для вялікай прамысловасці", - паведаміў прэм'ер-міністр. На яго думку, не ўсе яблыкі трэба аддаваць на захоўванне. "Трэба забяспечваць глыбокую перапрацоўку ў канчатковую прадукцыю - варэнне, джэмы і паўфабрыкаты", - рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.-0-
БЕЛТА
Яблычных садоў у Беларусі стане больш
23.8.20110 праглядаў