На мінулым тыдні работнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС правялі маштабную прафілактычную працу ў сельскім населеным пункце Стаі Лепельскага раёна. Акрамя рэйдавых мерапрыемстваў у жылым сектары і выступлення кіраўніцтва УМНС на сельскім сходзе, прадстаўнікі цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю арганізавалі на базе мясцовай школы «Кірмаш бяспекі».

Мерапрыемства, якое было прымеркавана да рэспубліканскай акцыі «З клопатам пра бяспеку малой радзімы», аб'яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў – школьнікаў, працоўную моладзь і пенсіянераў. Тром камандам трэба было прайсці розныя выпрабаванні, накіраваныя на навучанне аказанню першай медыцынскай дапамогі, паводзінам у натоўпе, эвакуацыі з задымленага памяшкання, выкліку спецслужбаў, забеспячэнню бяспечных умоў пражывання і г.п. У ходзе своеасаблівага квэста работнікі МНС прапанавалі і некалькі забаўляльных конкурсаў. Напрыклад, пажарны боўлінг або апрананне баявога адзення.

Пасля паспяховага праходжання ўсіх выпрабаванняў удзельнікі ад малога да вялікага дзяліліся з арганізатарамі «Кірмаша бяспекі» пазітыўнымі эмоцыямі, адзначалі, наколькі карысным стала для іх такое інтэрактыўнае навучальнае мерапрыемства. Далучыліся да ратавальнікаў і прадстаўнікі газавай службы, якія пазнаёмілі прысутных з працоўным абсталяваннем, а таксама акцэнтавалі ўвагу на выкананні пэўных правілаў бяспекі ў быце.