Перафразам знакамітага барда. …У гэтым жыцці было ўсё: строгія настаўнікі, непаслухмяныя вучні, слёзы пасля “двоек” і радасць пасля “пяцёрак”. У лістападзе свой васьмідзесяцігадовы юбілей святкавала СШ №1. На ўрачыстым вечары мы перагортвалі “Сямейны альбом”. Чаму не школьны, спытаеце вы? Таму што школа — гэта сям’я. Са сваімі сваркамі і першымі прызнаннямі ў любові. У гэтым альбоме будуць мяняцца фатаграфіі, нязменнымі застануцца толькі ўсмешкі на тварах настаўнікаў і вучняў.
Але як усё пачыналася?
…Успамінае выпускніца 1940 г. Юлія Мікалаева: “Калі ў горад Лепель прыбыў 79-ы стралковы полк, камандаванне звярнулася ў раённы аддзел народнай адукацыі з просьбай адкрыць у горадзе рускую школу. Адпаведнага будынка не было, таму класы рускай школы адкрылі ў 1936-м у будынку беларускай. У 1939 годзе пабудавалі Лепельскую рускую сярэднюю школу”.
У сямідзесятыя гады вучні заклалі Камсамольскі парк, у васьмідзесятыя — замянілі печавую ацяпленне, паклеілі шпалеры, зрабілі клумбы. Навучальнай установе прысвоілі імя Уладзіміра Ялісеевіча Лабанка. У 1989 годзе адкрылі музей. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Лідзіі Аніскевіч стварылі першую групу “Пошук”, якая збірала матэрыял пра школу і знакамітага земляка-партызана.
І на сучасным этапе свайго жыцця педагогі ідуць у нагу з часам. У 2000 годзе СШ уключылі ў абласны эксперымент па ўкараненні мадэлі школьна-сямейнага выхавання малодшых школьнікаў “Арыенцір”. Працавалі настаўнікі і па рэалізацыі інавацыйнага праекта Мінадукацыі РБ “Укараненне мадэлі фарміравання сістэмнага мыслення вучняў пры арганізацыі ўрокаў і факультатыўных заняткаў”. З 2011 года па ініцыятыве Валянціны Хацкевіч на базе школы праходзяць раённыя Велікодныя чытанні. З 2015 года ўкараняецца мадэль суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення.
Паўстаўшы васьмідзесяцігадовым вопытам, СШ №1 па праву ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сто дзевятнаццаць чалавек скончылі школу з залатымі медалямі, сто дваццаць сем — з сярэбранымі. Сярод пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, практычныхАляксандр Маляўка ў 2006 годзе перамог на міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе ў Ерэване і заваяваў “серабро” на міжнароднай хімічнай — у Сеуле. У 2007 годзе на мінскай міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе другое месца заняў Цімафей Балотнік, на міжнароднай хімічнай у Маскве ён падняўся на трэцюю прыступку п’едэстала.
Васіль Барысёнак — пераможца рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, заваяваў дыплом трэцяй ступені на Сароўскай міжнароднай.
Аднак не толькі “хімікамі” аднымі славіцца навучальная ўстанова. З 1995 па 2009 год яна мела статус “з паглыбленым вывучэннем замежных моў”. Усіх “англаманаў” не пералічыш. Некаторыя выпускнікі вярнуліся выкладаць у родную “альма-матар”. Да прыкладу, Надзея Марарь у 2001-м і Алёна Шарлаева ў 2008-м перамаглі ў амерыканскай адукацыйнай праграме “Шанс моладзі ў галіне культуры” і пабывалі ў ЗША.
Асаблівая гордасць — знакамітыя спартсмены. Успомнім Сцяпана Попава — чэмпіёна Першых Еўрапейскіх гульняў у Баку па самба і ўладальніка прыза “Фэйр плэй”, Лізавету Аношка — двухразовую сярэбраную прызёрку чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў па веславанні на байдарках і каноэ, Іллю Полонскага — чэмпіёна Рэспублікі Беларусь па веславанні на каноэ, Аляксандра Берсанава — бронзавага прызёра чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы. Увогуле, лік зорак далёка не лакальнага маштабу ідзе на дзясяткі.
Добра сябе паводзіш і лепш за ўсіх вучышся ў школе? Цябе чакае прэмія. Па выніках кожнай чвэрці чацвярым вучням уручаюць грашовае заахвочванне ад медыцынскага цэнтра “ЛОДЭ”.
Але ўсіх гэтых поспехаў, перамог і прызнанняў не было б без Настаўнікаў. Гэта слова я б заўсёды пісаў толькі з вялікай літары. Бо дзякуючы ім мы і атрымліваем сваю пуцёўку ў жыццё.
На дырэктары школы, мабыць, ляжыць самая вялікая адказнасць. За дзяцей, настаўнікаў, тэхнічны персанал. На юбілейным вечары павіншавалі кіраўнікоў розных гадоў: Людмілу Алейнікаву, Аліну Хацкевіч, Валянціну Хацкевіч, Аксану Харлёнак. Намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі і Віктар Азаронак, кіраўнік справамі райвыканкама Васіль Полонскі ўручылі школе падарунак — сучасны вадкакрысталічны тэлевізар.
Словы падзякі за доўгатэрміновае плённае супрацоўніцтва выказала намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Народная асвета” Святлана Мазурына. На святочным канцэрце для роднай школы спявалі Яна Барынава, Марыя Аўтушка, Ганна Лебедзева, Ксенія Самахвал. Выпускнік Віталь Хвацінец выканаў песню ўласнага сачынення “Настаўнік”.
Восемдзесят пяць працэнтаў цяперашніх настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Нямала заслужаных педагогаў працавала і працуюць у ёй. Гэта заслужаныя настаўнікі БССР Кацярына Славецкая, Раман Зылькоў і Стэфанія Мірановіч, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Фёдар Лябікаў, выдатнік народнай адукацыі Марыя Корсак, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь і “Жанчына года-2006” Віцебскай вобласці Валянціна Велюга і многія іншыя.
Няма нічога дзіўнага ў тым, што па прыкладзе любімых настаўнікаў многія вырашылі выбраць педагагічны шлях. Скончылі сярэднюю школу №1 і вярнуліся ў яе працаваць Валянціна Лаганцова, Леанора Навуменка, Лідзія Пекар, Аксана Бельская… Працягваюць настаўніцкія дынастыі сем’і Корсак, Шуневіч, Міснік, Зінкевіч… Школу не забываюць і вяртаюцца зноў у яе сцены. І вядуць у першы клас сваіх дзяцей. Так і зрабілі сем’і Лагойскіх, Парахонька, Корсак, Левіцкіх, чые тры пакаленні адвучыліся і вучацца ў сярэдняй школе №1.
На правах выпускніка яшчэ раз віншую з юбілеем усіх настаўнікаў роднай школы. І нашу “другую маму”, класную кіраўніцу Валянціну Лаганцову. Змяняюцца “пятёркі” на “дзясяткі”, на змену папяровым прыходзяць электронныя дзённікі, але пакуль ёсць настаўнік за дошкай і вучань за партай, школа будзе жыць.
Яўген НІКАЛАЕЎ.
Юбілей школы
15.11.20160 праглядаў