21 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Юбілейны XXV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) урачыста адкрыецца сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск". У канцэрце адкрыцця возьмуць удзел Чалябінскі тэатр сучаснага танца, Кёльнскі тэатр HeadFeedHands, тэатр сучаснай харэаграфіі "Кіеў мадэрн-балет", "эксцэнтрык-балет" Сяргея Смірнова з Екацярынбурга, тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K.I з Мінска, Пермскі дзяржаўны тэатр "Балет Яўгена Панфілава". Таксама адбудзецца прэм'ерны паказ спектакля "Сепія", які прадставіць лаўрэат нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска" тэатр "Правінцыйныя танцы" з Екацярынбурга. Юбілей даў магчымасць IFMC упершыню выйсці за межы Віцебска. Вечары сучаснай харэаграфіі будуць прадстаўлены ў Мінску (22 лістапада ў канцэртнай зале "Мінск" і 28 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета), Маладзечне (22 лістапада), Бабруйску (23 лістапада), Гродне (26 лістапада). У Віцебску праграма фестывалю сучаснай харэаграфіі запланавана на 21-25 лістапада. Пляцоўкамі яго мерапрыемстваў стануць канцэртная зала "Віцебск" і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Галоўная падзея фестывалю - міжнародны конкурс сучаснай харэаграфіі. Традыцыйна ён праводзіцца па дзвюх намінацыях - "Аднаактавы балет" і "Харэаграфічная мініяцюра" - у два туры, фінальны з якіх - публічны. Сёлета па выніках папярэдняга адборачнага відэатура на конкурсе ў Віцебску будзе прадстаўлена 45 твораў з 92 заяўленых. Да ўдзелу ў міжнародным конкурсе запрошаны калектывы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі, Эстоніі, Японіі, а таксама шэраг міжнародных праектаў. Ацэньваць выступленні ўдзельнікаў будзе прадстаўнічае журы пад старшынствам народнага артыста СССР, найвядомага харэографа Уладзіміра Васільева. У склад журы ўвайшлі таксама шырока вядомыя ў свеце сучаснага танца асобы: Сьюзан Лінк (Германія), Эліс Дор Коэн (Ізраіль), Пол Джонсан (Ірландыя), Вендзі Перон (ЗША), Раду Паклітару (Украіна).