31 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Юбілейны XXV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) пройдзе ў Беларусі з 19 па 29 лістапада. Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню фестывалю, намеснік генеральнага дырэктара па спецпраектах Цэнтра культуры "Віцебск" Марына Раманоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Марыны Раманоўскай, заўсёды яркая праграма і статуснасць фестывалю дазволілі IFMC сёлета выйсці за межы Віцебска - вечары сучаснай харэаграфіі будуць прадстаўлены ў Мінску (22 лістапада ў канцэртнай зале "Мінск" і 28 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета), Маладзечне (22 лістапада), Бабруйску (23 лістапада), Гродне (26 лістапада). "У нас былі асцярогі адносна апошніх трох гарадоў, але шматлікія званкі, праяўляемы да гэтай падзеі інтарэс з боку публікі ўнушаюць упэўненасць у тым, што ўсё складзецца добра", - адзначыла Марына Раманоўская. У Віцебску праграма фестывалю сучаснай харэаграфіі запланавана на 21-25 лістапада. Пляцоўкамі яго мерапрыемстваў стануць канцэртная зала "Віцебск" і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Галоўная падзея фестывалю - міжнародны конкурс сучаснай харэаграфіі. Традыцыйна ён праводзіцца па дзвюх намінацыях - "Аднаактавы балет" і "Харэаграфічная мініяцюра" - у два туры, фінальны з якіх - публічны. Сёлета па выніках папярэдняга адборачнага відэатура на конкурсе ў Віцебску будзе прадстаўлена 45 твораў з 92 заяўленых. Да ўдзелу ў міжнародным конкурсе запрошаны калектывы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі, Эстоніі, Японіі, а таксама шэраг міжнародных праектаў. "Узровень удзельнікаў вельмі годны, конкурсныя працы падабраны цікавыя і разнапланавыя. Пры гэтым у адрозненне ад некаторых папярэдніх конкурсаў сёлета высокі ўзровень канкурэнцыі ўдзельнікаў", - так ахарактарызавала намеснік гендырэктара ЦК "Віцебск" вынікі папярэдняга адборачнага відэатура.