Музычны падарунак у выкананні галоўнага ўрача, санітар аддзялення хуткай дапамогі «кансультуе» ў пытаннях пластычнай хірургіі – у гэты дзень на сцэне актавай залы цэнтральнай раённай бальніцы многія паспрабавалі сябе ў непрывычнай ролі.

Музычны падарунак у выкананні галоўнага ўрача, санітар аддзялення хуткай дапамогі «кансультуе» ў пытаннях пластычнай хірургіі – у гэты дзень на сцэне актавай залы цэнтральнай раённай бальніцы многія паспрабавалі сябе ў непрывычнай ролі. Ярка і цікава ў мінулую пятніцу тут адзначылі важную падзею: роўна 30 гадоў таму бальніца пераехала ў новы будынак.

Свае таленты медработники пачалі дэманстраваць яшчэ ў фае перад актавай залай. Вышыўка, бісерапляценне, вязанне – выстава дэкаратыўна-прыкладнай творчасці аб'яднала працы розных тэхнік. Неардынарныя сюжэты і акуратнае іх увасабленне... Хіба што па подпісах можна было даведацца: выставу падрыхтавалі не прафесійныя майстры. Так, калекцыяй размаляваных бутэлек здзівіла старшая медсястра хірургічнага аддзялення Наталля Машара, а вырабамі з бісеру – дэрматаўенералог Інеса Ноўская.

Аказалася, у бальніцы шмат і вышывальшчыц. Толькі больш за два дзясяткі карцін, вышытых крыжыкам, прадставілі работнікі аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі – старшая медсястра Таццяна Рымовіч, медсястра Кацярына Галінская і санітарка Алена Качалава. Галерэю вышывак дапоўнілі працы галоўнай медсястры Аксаны Акуневіч, старшай медсястры аддзялення фізіятэрапіі і медрэабілітацыі Ірыны Капішкевіч, урача акушэра-гінеколага родальнага аддзялення Марыны Фамічовай, бухгалтара Кацярыны Петрышча.

Апошнія прыгатаванні. Пачынаецца свята. Вядучыя – галоўная медсястра Аксана Акуневіч і санітар хуткай дапамогі Віктар Вярхоўскі. Гасцям яны прапануюць зноў перажыць адкрыццё бальніцы, запрашаючы на сцэну галоўнага ўрача Іллю Шэндалесава.

Асаблівую ўдзячнасць Ілья Юр'евіч выказаў ветэранам, якія доўгі час працавалі ў гэтай установе. 14 аддзяленняў, 719 супрацоўнікаў – гэта «сёння» цяперашняй бальніцы. Дарэчы, афіцыйная медыцына на Лепельшчыне з'явілася задоўга да будаўніцтва гэтага будынка: яшчэ 190 гадоў таму пачала працаваць земская бальніца.

Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама урачу псіхіятру-наркалогу Зоі Курсо, акушэрцы Руфіне Шкіндзер і кіроўцу Уладзіміру Тагаю.