4 красавіка, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Тэрміны пасяўной кампаніі ў Беларусі ў 2013 годзе зрушацца прыкладна на два тыдні. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Больш высокія станоўчыя тэмпературы, якія прывядуць да раставання снегу, прагназуюцца ў рэспубліцы не раней за наступны тыдзень. "Плануецца, што ўжо да 15-17 красавіка да вясновай пасяўной прыступяць паўднёвыя раёны краіны, паўночныя - крыху пазней, не раней за 20-е чысло", - сказаў намеснік міністра. Сёлета пасяўная кампанія будзе праводзіцца ў даволі сціснутыя тэрміны. Поўдзень краіны павінен укласціся ў 10-12 дзён, поўнач - у тэрмін не больш за два тыдні.

Збожжавыя каласавыя павінны быць пасеяны не пазней за 1 мая. Да гэтага ж часу аграрыі павінны пасеяць зернебабовыя, каля 80% кукурузы (астатнія 20% - да 10 мая), цукровыя буракі (максімум да 3 мая). Пасадка бульбы павінна завяршыцца да 9-10 мая. Проса, грэчка і іншыя цеплалюбівыя сельгас культуры звычайна высейваюцца да 20 мая.

Па словах намесніка міністра, забяспечанасць рэспублікі насеннем сельгас культур складае практычна 100%, маецца страхавы запас у 66 тыс.т, што дазволіць перасеяць каля 240 тыс.га азімых. Трэба будзе закупіць каля 700 т люцэрны, будзе імпартавана каля 600 т насення лёну замежнай селекцыі і каля 300 т белай канюшыны.

Васіль Паўлоўскі адзначыў, што згодна з даручэннем урада распрацавана новая структура пасяўных плошчаў, у адпаведнасці з якой скарочаны плошчы пад пасевы кукурузы на 120 тыс., на столькі ж будзе павялічаны пасеў шматгадовых траў.

Цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка да пасяўной сельгастэхнікі. Яе гатоўнасць у залежнасці ад рэгіёна складае 94-98%.-0-