Да 1150-годдзя Полацка могуць заснаваць юбілейны медаль
1.11.20110 праглядаў
1 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 1150-годдзя Полацка выступае з прапановай аб заснаванні юбілейнага медаля і выпуску памятнай манеты, прысвечаных знамянальнаму юбілею самага старажытнага горада Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме.
У прыватнасці, рэспубліканскі аргкамітэт, які ўзначальвае намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, даручыў Віцебскаму аблвыканкаму пры ўдзеле Мінфіна прапрацаваць пытанне аб заснаванні юбілейнага медаля "У памяць 1150-годдзя горада Полацка", палажэння аб гэтым медалі, яго апісанне і эскіз. Аблвыканкаму таксама даручана звярнуцца ў Нацыянальны банк з просьбай разгледзець пытанне аб выпуску памятнай манеты, прысвечанай 1150-годдзю горада. Міністэрства сувязі, у адпаведнасці з пратаколам даручэнняў, павінна забяспечыць выпуск канверта з арыгінальнай маркай і спецыяльнага паштовага штэмпеля ў гонар юбілею.
У цяперашні час ствараецца праект праграмы святкавання юбілею. У бліжэйшы час рэспубліканскаму аргкамітэту на зацвярджэнне будуць прадстаўлены эскізы афіцыйнай сімволікі свята. Полацкі гарвыканкам распрацаваў праект мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні горада. Пасля ўзгаднення яго з зацікаўленымі ведамствамі праект таксама будзе прадстаўлены на разгляд аргкамітэта. Гарадскія ўлады сумесна з Полацкім дзяржуніверсітэтам пачынаюць распрацоўваць архітэктурнае рашэнне па размяшчэнні ў горадзе святочнай рэкламы і асвятлення.
Як паведамілі ў гарвыканкаме, 1150-годдзе Полацка прэтэндуе на ўключэнне ў каляндар міжнародных памятных дат ЮНЕСКА на 2012-ы год. Выканкам гэтай сусветнай арганізацыі адобрыў унясенне юбілею беларускага горада ў ганаровы спіс без абмеркавання на Генеральнай канферэнцыі, якая праходзіць у гэтыя дні ў Парыжы.
Полацк мае багатую і слаўную гісторыю. Упершыню ён згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" за датай 862 год. Выгаднае геаграфічнае становішча "на шляху з варагаў у грэкі" спрыяла таму, што Полацк стаў адным са значных гандлёвых і культурных цэнтраў сярэднявечнай Еўропы. Горад даў свету Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага. Адсюль родам герой абароны Порт-Артура генерал Раман Кандраценка, заснавальнік беларускага кіно Юрый Тарыч. У Полацку знаходзіцца каля 150 гістарычных каштоўнасцей, сярод якіх унікальныя помнікі архітэктуры Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква.-0-
БелТА