21 чэрвеня, Глыбокае /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Да падрыхтоўкі Дня беларускага пісьменства неабходна шырэй прыцягваць бізнесменаў, спонсарскую дапамогу. Пра гэта старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец заявіў сёння на пасяджэнні нацыянальнага аргкамітэта па правядзенні свята, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ён таксама лічыць неабходным распрацаваць бізнес-план правядзення Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім. "Горад павінен зарабіць на свяце, а для гэтага неабходна стварыць эфектыўную сістэму забеспячэння гасцей і ўдзельнікаў свята: пражыванне, харчаванне, арганізацыя продажаў і кірмашоў", - растлумачыў губернатар. Ён запатрабаваў ад мясцовых улад стварыць умовы для шырокага продажу прамысловых і харчовых тавараў, сувенірнай прадукцыі, вырабаў народных промыслаў. З абласнога бюджэту на падрыхтоўку Глыбокага да Дня беларускага пісьменства плануецца дадаткова вылучыць Br30 млрд., а таксама накіраваць брыгады будаўнікоў і дарожнікаў. "Віцебская вобласць зробіць усё неабходнае, каб Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім прайшоў годна і запомніўся яго гасцям і ўдзельнікам", - запэўніў губернатар.-0-

БЕЛТА