Зацверджаны склад абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і ўступных выпрабаванняў у 2012 годзе. У склад увайшлі 8 чалавек, узначаліў яе старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці Васіль Максімаў. Для кантролю непасрэдна ў аўдыторыях будуць дадаткова прыцягнуты 416 чалавек – прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, БРСМ, супрацоўнікі праваахоўных органаў, работнікі ўстаноў адукацыі. Пройдзе цэнтралізаванае тэсціраванне з 13 па 27 чэрвеня. Праверыць свае веды на Віцебшчыне маюць намер 41040 чалавек, гэта на 2383 менш, чым у мінулым годзе (у 2011-м было 43423, у 2010-м – 49595 удзельнікаў). Для зваротаў па спрэчных і праблемных пытаннях ЦТ адкрыты тэлефоны «гарачых ліній»: у Камітэце дзяржаўнага кантролю вобласці – (0212) 36-44-95, 37-33-90; у Полацкім і Аршанскім міжраённых камітэтах дзяржаўнага кантролю – адпаведна (0214) 42-87-02 і (0216) 21-09-16. Званіць можна ў працоўныя дні з 9 да 18 гадзін.

БЕЛТА